TuzinFM судзіцца з мінскімі ідэолагамі за забаронены канцэрт

TuzinFM судзіцца з мінскімі ідэолагамі за забаронены канцэрт

16 верасня Алесь Дзянісаў ("Людзі на балоце", Dzieciuki) мусіў прэзентаваць у Мінску праграму "Кароткая гісторыя Беларусі". Але начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама Павал Скалабан не дазволіў імпрэзу "праз нізкі мастацкі ўзровень выканання". 

Абураны арганізатар канцэрта — Сяргей Будкін з музычнага сайта TuzinFM — палічыў гэтае рашэнне незаконным і падаў заяву ў Эканамічны суд.

TuzinFM судзіцца з мінскімі ідэолагамі за забаронены канцэрт

"Я не разумею, якім чынам адбыўся замер мастацкага ўзроўню выканання, хто гэта рабіў, па якіх крытэрах і навошта. У любым разе, вырашаць гэтае пытанне мусяць самі слухачы, а не чыноўнікі ў кабінетах. Перакананы ў тым, што дзеянні ідэолагаў абсалютна незаконныя. Відавочна, што мы маем справу з цэнзурай. Прыкра, што нам перашкаджаюць падтрымаць Алеся Чобата — аўтара вершаў да гэтага альбома, які цалкам страціў зрок і жыве зусім адзін у сваёй хаце ў Скідзелі. Мы хацелі перадаць яму частку грошай, атрыманых з канцэрта", — распавядае Сяргей Будкін.

Павал Скалабан — сын знакамітага беларускага архівіста і гісторыка Віталя Скалабана. Вельмі сімвалічна, што менавіта ён забараніў праводзіць у Мінску прэзентацыю музычнай праграмы, прысвечанай гісторыі Беларусі. Альбом "Кароткая гісторыя Беларусі" на вершы Алеся Чобата прысвечаны славутым постацям і ключавым падзеям з мінуўшчыны нашай краіны Адаму Міцкевічу, Максіму Багдановічу, Станіславу Булак-Булаховічу, войнам, паўстанням, змаганням беларусаў за незалежнасць.

Згодна з п.1.3 арт. 215 Кодэкса Рэспублікі Беларусь "Аб культуры", на які ў сваёй забароне спасылаецца ідэолаг, падставай для адмовы ў правядзенні канцэрта з’яўляецца "заключэнне мастацкага савета па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выканання". 

TuzinFM судзіцца з мінскімі ідэолагамі за забаронены канцэрт
Скрыншот: tuzinfm.by

"Адпаведнага заключэння выдадзена не было, а на просьбы хоць нешта патлумачыць з нагоды адмовы, галоўны ідэоляг не адрэагаваў, — працягвае Сяргей Будкін. — Таму было прынятае рашэнне абскардзіць дзеянні дзяржаўнага органа ў судовым парадку".

Журналіст і культурны мэнаджар, Будкін не спадзяецца перамагчы чыноўнікаў у дзяржаўным судзе. Але сэнс разбіральніцтва ён бачыць у іншым:

"Тут трэба абазначыць і заявіць, што адбываюцца нейкія абсалютна незаконныя дзеянні, каб проста ўпісаць імёны адказных за іх людзей у гісторыю, — распавядае ў каментары Еўрарадыё Сяргей Будкін. — Натуральна, што мне хочацца спадзявацца на справядлівасць. Але падаваць у дзяржаўны суд на дзеянні дзяржаўных службоўцаў выглядае досыць сумнеўна. Думаю, што яны проста зробяць пад суд гэтае заключэнне [хто, калі і як прызнаў Алеся Дзянісава выканаўцам нізкага мастацкага ўзроўню. — Еўрарадыё], паставяць пад ім нейкую ранейшую дату і скажуць "вось яно". У кожным разе гэта нагода высветліць механізм працы гэтага савета, і хто ў яго ўваходзіць".

У заяве, скіраванай у Эканамічны суд, ёсць дзве просьбы: прызнаць дзеянні ідэолагаў незаконнымі і абавязаць іх выдаць гастрольнае пасьведчанне на любую прымальную для арганізатараў дату.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі