"Ты катоў знайшоў у маёй гравюры?": беларускія музыкі адкрылі выставу карцін
У культурнай прасторы ЦЭХ у Мінску 9 сакавіка адкрылася незвычайная выстава: вядомыя беларускія музыкі прадставілі свае карціны!
"Ведаеце, калі мы, прафесійныя мастакі, нясем свае працы на выставу, напрыклад, у Палац мастацтваў, мы адзін аднаго не любім, спаборнічаем. А тут музыкі прынеслі свае карціны, і абсалютна не спрабуюць ні з кім спаборнічаць. Гэта вельмі добра", ― дзеліцца ўражаннямі ад выставы мастак Алесь Пушкін.
Сярод музыкаў, якія вырашылі падзяліцца сваімі талентамі з публікай, ёсць мастакі па адукацыі: Лявон Вольскі, Андрусь Такінданг, Сяргей Скрыпнічэнка, Алесь Таболіч, Ігар Варашкевіч. Ёсць і аматары, якія нават грошы зарабляюць, прадаючы свае карціны. Напрыклад, Юрый Стыльскі з "Дай Дарогу!".
"Стыльскі ― вельмі прафесійны мастак, я вельмі здзівіўся. Тут прадстаўленыя добрыя працы. Жанчына ў амерыканскім стылі. Вобраз разбітага сэрца. Мне падабаецца", ― мяркуе Алесь Пушкін, з якім мы прагульваемся па выставе.
Пушкін знаёмы, бадай, з усімі музыкамі-аўтарамі, чые карціны да 19 сакавіка можна ўбачыць у ЦЭХу. Збольшага кажа, што яму падабаюцца "раннія" Вольскі і Варашкевіч, ён паважае мастакоў Такінданга і Таболіча.
"Ты катоў знайшоў у маёй гравюры?" ― пытаецца ў Пушкіна Алег Хаменка, яўна задаволены ўсім, што адбываецца.
Музыкі, апроч таго, што прадстаўляюць свае карціны, яшчэ і ладзяць невялікі канцэрт. Да Юры Стыльскага выстройваецца дзявочая чарга па аўтографы. А ў самім ЦЭХу аншлаг. Нават без Вольскага. Дарэчы, маэстра на днях збіраецца правесці экскурсію па выставе. Сачыце за нашымі навінамі.