"Ты папярэдні доўг аддай": Чалы пра вынікі падпісання 28 праграм

Інтэграцыйны дэкрэт падпісаны. Што далей? / Еўрарадыё
Інтэграцыйны дэкрэт падпісаны. Што далей? / Еўрарадыё

4 лістапада Лукашэнка падпісаў інтэграцыйны дэкрэт, які зацвярджае саюзныя праграмы з Расіяй. Што гэта было — лёсавызначальная дамова або абмен палітычнымі кампліментамі?

— Калі б гэтая інтэграцыя была чымсьці істотным, калі б Расія верыла Лукашэнку, то я думаю, яна была б гатовая падтрымаць беларускі рэжым, каб ён мог забяспечыць стабільнасць у эканоміцы, — расказвае на ютуб-канале Святланы Ціханоўскай яе прадстаўнік па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч. — Калі гэтага няма і 640 мільёнаў долараў, абяцаных Беларусі, — выключна крэдытныя рэсурсы, то значыць, што для Расіі гэтыя дарожныя мапы таксама не вельмі важныя. Ці яны не давяраюць, што Лукашэнка іх выканае. Толькі па факце, калі Лукашэнка будзе выконваць абавязацельствы, Расія будзе фінансава падтрымліваць рэжым.

Але няўжо Пуцін не дасць грошай, не закрые "эканамічную дзірку"?

— Максімум, што цяпер можа Расія, — даць грошы для таго, каб не здарыўся дэфолт па ўсіх папярэдніх даўгах Беларусі, — падтрымлівае думку Алеся Аляхновіча аналітык Сяргей Чалы. — Можна правесці аналогію з суседам, які ходзіць і просіць грошай, а яму кажуць, маўляў, "ты папярэдні доўг аддай". "Ты мне грошай пазыч, а я табе папярэдні доўг аддам". А эканамічная сітуацыя гэтага суседа ніяк не паляпшаецца.

— Гэты мінімальны ўзровень падтрымання штаноў — адзінае, што Расія гатовая аплачваць, — працягвае Сяргей Чалы. — Ніякага развіцця за гэтым не стаіць, гэта кансервацыя сітуацыі, пра якую мы гаварылі на самым пачатку. Праблема доўгу невырашальная ў пазыковай пастцы, у якой мы апынуліся: на наступны год даводзіцца пазычаць роўна столькі, колькі трэба аддаваць. Эканоміка не здольная сур'ёзна зарабляць сродкі, якія не патрэбныя ўнутры эканомікі, для таго, каб аддаваць даўгі.

Інтэграцыйны дэкрэт падпісаны. Што ў ім значнага і важнага, пра што варта ведаць грамадзянам дзвюх краін?

— Увогуле кажучы, гэта даволі рытуальныя дзеянні. Прыкладна тое самае, як з Ельцыным падпісвалі нейкія дамоўленасці пра далейшае паглыбленне і пашырэнне. Чарговы этап па насычэнні гэтага пустога працэсу новай рыторыкай, — перакананы Сяргей Чалы. — Саюзная дзяржава была эфектыўна пахаваная яшчэ ў 2005 годзе. Яе мэтай ёсць стварэнне вялікай колькасці наднацыянальных супольных органаў, уключаючы органы грашова-крэдытнага кіравання і пераход у канчатковым выніку на адзіную валюту. У 2005 годзе стала зразумела, што гэтая мэта недасяжная, і зімой 2006 года пачынаецца першая "газавая вайна".

З тых часоў нічога новага не прыдумана. Засталося некалькі прынцыповых пытанняў, якія як не былі вырашаны ў 2005 годзе, так і не вырашаны да гэтага часу. Мы не бачым ні імкнення да аб'яднання бюджэту, ні імкнення да аб'яднання цэнтрабанкаў, — падсумоўвае аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі