У Барысаве будуць судзіць мужчыну, які страляў з акна і параніў дзіця
Пнеўматычны пісталет, ілюстрацыйнае фота
Пракуратура Барысаўскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу аб стральбе. Мясцовага жыхара абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве.
Фігуранту 50 гадоў. Ён нідзе не працуе. Згодна з матэрыяламі справы, 27 чэрвеня 2024 года мужчына вырашыў "пазабаўляцца" і пачаў страляць з пнеўматычнай вінтоўкі з акна сваёй кватэры. Следчым ён сказаў, што страляў па дрэвах. Аднак адна з куль трапіла ў дзіця. Чатырохгадовую дзяўчынку параніла ў нагу. Дзіця было з мамай.
Суда мужчына будзе чакаць пад вартай. У пракуратуры пакінулі без зменаў меру стрымання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.