У Беларусі COVID-19 дабраўся да дамоў састарэлых

У многіх краінах асноўнымі ахвярамі каранавіруса сталі пастаяльцы дамоў састарэлых / Reuters
У многіх краінах асноўнымі ахвярамі каранавіруса сталі пастаяльцы дамоў састарэлых / Reuters

У рэдакцыю Еўрарадыё прыйшоў ананімны ліст пра ўспышку каранавіруснай інфекцыі ў бальніцы сястрынскага догляду ў вёсцы Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна. "80% людзей там — ляжачыя. Яны проста ляжаць, пакінутыя самі сабе. Прашу вас, напішыце пра гэта! У гэтых людзей няма сваякоў, таму на іх усім пляваць!" — сказана ў гэтым звароце.

У многіх краінах свету дамы састарэлых сталі праблемнымі ачагамі заражэння COVID-19. Іх пацыенты — у групе рызыкі і часта не могуць паклапаціцца пра сябе. Няўжо каранавірус дабраўся і да беларускіх дамоў састарэлых?

Работніца бальніцы сястрынскага догляду ў Дзяніскавічах, з якой удалося звязацца Еўрарадыё, каментаваць сітуацыю адмовілася. Але расказала, што загадчыца бальніцы з пацверджаным COVID-19 лечыцца ў Баранавічах. А вось сама бальніца "працуе як і працавала".

У Ганцавіцкай ЦРБ нас таксама запэўнілі, што "ў Дзяніскавічах усё нармальна". Але пацвердзілі, што захварэла загадчыца бальніцы і некалькі медработнікаў.

 

В Беларуси COVID-19 добрался до домов престарелых
Ганцавіцкі раён / planetabelarus.by

— Загадчыца захварэла. Ну і што? — кажа галоўны доктар Вадзім Сашко. — Лечыцца. Персанал таксама хварэе, усё ізаляваныя. Самі разумееце, медработнікі не могуць абысці бокам гэтую праблему. Цяпер многія людзі хварэюць.

— А што наконт пацыентаў? Бо гэта група рызыкі.

–– Крытычнага нічога няма, абследавалі пацыентаў. Выехалі брыгады дактароў, перагледзелі ўсіх. Вядома, там дзядулі і бабулі ляжаць не зусім здаровыя, у кожнага сардэчная паталогія ёсць, іншыя хранічныя захворванні. Але пнеўманій няма. Узялі аналізы на каранавірус, чакаем вынікаў.

Ад дваіх жыхароў Дзяніскавічаў мы атрымалі іншую інфармацыю.

— Там ўспышка каранавіруса, пажылыя хварэюць... Тых, хто захварэў, ужо пераводзяць у Ганцавічы па меры вызвалення месцаў. Сёння сем чалавек прывезлі ў бальніцу, — расказвае адзін з іх на ўмовах ананімнасці.

Усяго ў бальніцы сястрынскага догляду знаходзяцца 22 чалавекі.

Пасля Вялікадня

Напярэдадні праваслаўнага Вялікадня Пётр Піліпчук, настаяцель храма Свяціцеля Ціхана ў Ганцавічах, заклікаў вернікаў прыходзіць у царкву і не баяцца каранавіруса. Аргумент у яго быў просты: "Сувораў казаў: "Мы рускія — з намі Бог". І не баяўся нічога".

— Заклікі настаяцеля ісці на Вялікдзень у храм прывялі да масавага заражэння царкоўнаслужыцеляў і прыхаджан, — лічыць жыхар Ганцавіч Уладзімір Занько. — Ёсць афіцыйна пацверджаныя выпадкі заражэння, але нічога не робіцца. Да Вялікадня Сінод РПЦ апублікаваў рашэнне пра абмежавальныя меры ў храмах, санітарна-гігіенічныя прадпісанні, неабходнасць захавання дыстанцыі, дэзынфекцыю лыжачкі пасля кожнага прычасніка. У нас усё гэта праігнаравалі.

Каранавірус закрануў і сям'ю нашага суразмоўніка. Яго жонка — кіраўніца царкоўнага хору.

— Жонка тры тыдні з тэмпературай 38-40 хварэла, ледзь удалося выцягнуць яе. Дапамагаў сябар-доктар. Заразіўся мой 90-гадовы бацька, быў на мяжы смерці. У адной з удзельніц хору мужа выратаваць не ўдалося, згарэў за тры дні. Аналіз, фатаграфія якога ў мяне ёсць, паказаў наяўнасць каранавіруса, але афіцыйна ўсё спісалі на сардэчную недастатковасць. Самае жудаснае, што храм не закрываўся, няма ніякіх праверак, ніхто не ізалюецца, — працягвае Уладзімір Занько.

І дадае, што, па яго інфармацыі, бальніца ледзь спраўляецца з наплывам пацыентаў, дактарам даводзіцца літаральна жыць у аддзяленнях. Уладзімір накіраваў афіцыйныя лісты са скаргай аб невыкананні мер прафілактыкі ў мясцовым храме ў райвыканкам, а таксама мітрапаліту Паўлу

"На максімальным плато"

Думку Уладзіміра Занько падзяляе і жыхарка Ганцавіч Марыя:

— Усплёск быў звязаны з масавасцю велікодных мерапрыемстваў. Я сама хаджу ў храм. Бачыла, што людзі пасля святаў хварэлі. Але ў горадзе вельмі складана зрабіць тэст на каранавірус, мы ўсіх выпадкаў захворванняў і не ведаем. Хацелася б ведаць праўду, але многае хаваецца. Напрыклад, валанцёры шылі касцюмы, займаліся закупкамі, а выканкам пачаў забараняць дактарам прасіць дапамогі ў чатах, расказваць пра дэфіцыт. Медсёстрам, санітаркам прыходзілася ў абыход адміністрацыі пісаць, каб ім прывезлі СІА.

В Беларуси COVID-19 добрался до домов престарелых
Уладзімір Каранік у Ганцавічах на мінулым тыдні / 1reg.by

На мінулым тыдні ў Ганцавічы прыязджаў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Ён апісаў эпідсітуацыю ў раёне як "кантраляваную". Па яго словах, захворванні не перавышаюць парогавага значэння і магчымасцяў сістэмы аховы здароўя.

Статыстыку па рэгіёнах Мінздароўя не абнаўляла ужо паўтара месяца. Зыходзячы з апошніх заяваў Алены Богдан, захваральнасць на COVID-19 пайшла на спад у Мінску, Мінскай, Віцебскай абласцях. Захваральнасць у Брэсцкай вобласці "будзе яшчэ нейкі час знаходзіцца на максімальным плато, потым пойдзе ўніз".

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі