У Беларусі хочуць прыняць закон пра замежных агентаў па прыкладзе Расіі
Палата прадстаўнікоў хоча прыняць закон пра замежных агентаў паводле расійскага ўзору. Пра гэта заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. У аўторак ён па відэасувязі ўдзельнічаў у пасяджэнні часовай камісіі Савета Федэрацыі Расіі па абароне дзяржсуверэнітэту, піша "Расійская газета".
Савіных паведаміў, што суверэнітэт Беларусі неабходна абараніць ад вонкавага ўмяшання. Прычым пагрозы ён бачыць і ў праграмах па ўстойлівым развіцці, і ў гендарных праектах і нават у экалагічных.
"Калі мы гаворым пра ўплыў знешніх сіл на грамадскае меркаванне і парадак дня, нам вельмі цяжка ацаніць характар гэтага ўплыву, таму што вельмі часта ён маскіруецца пад класічны міжнародны грамадскі парадак дня для супрацоўніцтва. Вельмі часта ён ажыццяўляецца ў рамках праграм, якія нацэленыя на ўстойлівае развіццё, дасягненне гендэрнай роўнасці, розных праграм выратавання клімату", — заявіў Савіных.
Савіных папрасіў у расійскіх дэпутатаў падзяліцца іх напрацоўкамі ў гэтай сферы. "Я думаю, бліжэйшая задача, якая будзе стаяць перад намі, гэта прыняцце закона аб замежных агентах", — падсумаваў ён.
Кіраўнік камісіі Савета Федэрацыі па абароне дзяржсуверэнітэта Андрэй Клімаў паведаміў, што гатовы сустрэцца з беларускімі калегамі ў Маскве ці ў Мінску і падзяліцца расійскімі напрацоўкамі па абароне дзяржсуверэнітэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.