У Беларусі хочуць адправіць у кацельні пялеты, якія перастаў купляць Еўрасаюз
"Прадукцыя перастала быць запатрабаванай" / sb.by
У Беларусі хочуць адправіць у кацельні пялеты, якія перастаў купляць Еўрасаюз. Пра гэта распавёў намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык. Ён правёў у Навагрудку "семінар-нараду", прысвечаную выкарыстанню драўняных паліўных гранул "у энергетычнай сістэме краіны". Як піша sb.by, гэтая прадукцыя ішла на экспарт, але цяпер яе адгрузкі "рэзка скараціліся".
Пётр Пархомчык нагадаў, што былі створаны шматлікія прадпрыемствы, якія выпускалі пялеты — вытворчасць была прыбытковая. Але пасля закрыцця з-за санкцый еўрапейскага рынку "іх прадукцыя перастала быць запатрабаванай". Відаць, склады запоўнены. Намеснік прэм'ера заявіў, што самы просты выхад з сітуацыі — перавод кацельняў у Беларусі на выкарыстанне пялет. Але высветлілася, што некаторыя кіраўнікі абласцей і раёнаў мяркуюць: "навошта пялеты, калі ёсць танны газ". Пархомчык нагадаў, што стаіць задача скарачэння выкарыстання газу. Ён спадзяецца, што навукоўцы дапамогуць вызначыць, "якую прадукцыю вырабляць у выніку перапрацоўкі драўняных адходаў".
Пётр Пархомчык даручыў "вывучыць механізм цэнаўтварэння гатовай прадукцыі з адходаў драўніны", каб яе кошт на ўнутраным рынку "выгадна адрозніваўся ў параўнанні з іншымі крыніцамі цеплавой энергіі", і гэта "матывавала прадстаўнікоў мясцовай улады да пераводу кацельняў на выкарыстанне пялет".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.