У Беларусі найбольш схільныя да суіцыдаў пажылыя мужчыны ў вёсках
У Англіі і Уэльсе колькасць суіцыдаў дасягнула максімуму з 2000 года. Пра гэта паведамляе Нацыянальная статыстычная служба Вялікабрытаніі.
У 2015 годзе колькасць самазабойцаў на гэтых землях Злучанага каралеўства дасягнула 5 198 — гэта каля 9,05 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва. Пры гэтым мужчыны забіваюць сябе ў тры разы часцей, чым жанчыны.
У 2014 годзе ўдалых самагубстваў здзейснілі 5 129 чалавек, у 2013 годзе — 4 985, у 2012 — 5 189, у 2010 — 4 662. У 2000 годзе — 5 106 чалавек.
Высокай застаецца доля суіцыдаў сярод моладзі. На мінулым тыдні паведамлялася, што палова ўсіх выклікаў хуткай дапамогі ва ўніверсітэты і студэнцкія гарадкі былі звязаныя са спробамі суіцыдаў і нанясеннем сабе калецтваў.
Суіцыд у Брытаніі называюць асноўнай прычынай смяротнасці сярод маладых людзей да 35 гадоў.
Але калі казаць пра ўсе ўзроставыя групы, то сярод моладзі здзяйсняецца менш за ўсё самазабойстваў. Аднак іх колькасць расце, у той час як колькасць самагубстваў у іншых узроставых групах зніжаецца, паведамляе ВВС.
Смяротнасць ад суіцыдаў у Беларусі — у два разы большая. У 2015 годзе было зарэгістравана 18,1 выпадкі на 100 тысяч чалавек. Пры гэтым мужчыны сябе забіваюць у 6 разоў часцей за жанчын. Большая смяротнасць ад самазабойстваў у вёсках — у тры разы.
Па словах псіхіятара-нарколага “РНПЦ псіхічнага здароўя” Ірыны Вакульчык, колькасць суіцыдаў у нашай краіне, у адрозненне ад Вялікабрытаніі, няўхільна падае.
“У нас тэндэнцыя вельмі станоўчая, бо раней было 35,5 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва, а цяпер 18,1. Паводле ацэнак СААЗ, раней мы былі краінай з высокім узроўнем суіцыду. А ў апошнія два гады мы сталі краінай з сярэднім узроўнем”.
На рост самагубстваў у дарослых беларусаў уплываюць грамадскія, палітычныя фактары, сацыяльныя і побытавыя стрэсы. Па словах спецыяліста, самай схільнай да суіцыду часткай насельніцтва з’яўляюцца дарослыя мужчыны ў сельскай мясцовасці, старэйшага працаздольнага узросту.
“Тут спрацоўвае пэўны груз сацыяльных клішэ і стэрэатыпаў. Спрацоўвае такая мадэль, што мужчына не можа быць слабым, што ён павінен трымаць эмоцыі ўнутры. Калі сітуацыя ўжо крытычна накаляецца, мужчыны прымаюць такое рашэнне. Таксама і таму, што там і пайсці са сваёй праблемай няма куды”, — кажа Вакульчык.
У Беларусі нярэдкія суіцыды і сярод непаўналетніх. Летась такіх выпадкаў было 26, у 2014 годзе — 33, за пачатак 2016 года (да 23 траўня) — 13 непаўналетніх здзейснілі самагубства, паведамляе sb.by.
У непаўналетніх прычынамі суіцыдаў становяцца канфлікты са сваякамі, з сябрамі, у школах. Часцей за ўсё праблема прыходзіць менавіта з сям’і, тлумачыць Ірына Вакульчык.
Калі бацькі заўважаюць у дзіцяці падазроны настрой, урач раіць абавязкова пачаць размаўляць пра гэта. Калі дарослыя адчуваюць, што іх кампетэнцыі для вырашэння гэтай сітуацыі недастаткова, варта тэлефанаваць у кругласутачную службу псіхалагічнай дапамогі або звяртацца да псіхолага.
У Мінску, да прыкладу, для дзяцей кругласутачна працуе 246-03-03, для дарослых — 290-44-44.