У Беларусі пачынаецца кампанія "За незалежную Беларусь!"
Яе ініцыюе маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Альтэрнатыва" (зарэгістраванае ў Латвіі, у Беларусі дзейнічае аргкамітэт).
Яго кіраўнік Алег Корбан у каментары Еўрарадыё кажа, што сёння існуе пагроза незалежнасці Беларусі з боку Расіі. У такой сітуацыі грамадскія актывісты будуць пашыраць у грамадстве незалежніцкія ідэі.
Вось што Корбан кажа пра запланаваныя ў рамках кампаніі акцыі:
"Гэта будзе і вулічная дзейнасць, і папулярызацыя нацыянальнай сімволікі разнастайным чынам. Тыя самыя крэатыўныя флэш-мобы (будзем спрабаваць праводзіць іх згодна з дзейным заканадаўствам). Культурніцкія мерапрыемствы".
Паводле слоў Алега Корбана, мяркуецца наладзіць дыскусіі на актуальныя тэмы, круглы стол з удзелам незалежных экспертаў, гісторыкаў.
Кампанія "За незалежную Беларусь!" працягнецца да восені.
Фота — bymedia.net