У Беларусі ўступіла ў сілу новая Канстытуцыя

Канстытуцыя​ РБ / БЕЛТА
Канстытуцыя​ РБ / БЕЛТА

З сённяшняга дня ў Беларусі ўступіла ў сілу новая Канстытуцыя. Па збегу абставінаў менавіта 15 сакавіка ў краіне адзначаецца Дзень Канстытуцыі. У гэты дзень у 1994 годзе Вярхоўны Савет зацвердзіў Асноўны закон незалежнай Беларусі.

Усе наступныя рэдакцыі, аж да апошняй, зацвярджаліся на рэферэндумах. Усе гэтыя рэферэндумы выклікалі ў назіральнікаў мноства пытанняў: у тым ліку да таго, як фармаваліся камісіі і як лічыліся галасы. Таму многія прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць гэтыя змены не працоўнымі, паколькі яны былі прынятыя з парушэннямі працэдуры і закона.

Самае важнае змяненне, якое было ўнесена ў цяперашнюю Канстытуцыю — гэта адмова ад бяз'ядзернага статусу, казаў у інтэрв'ю Deutsche Welle прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык.

"Улічваючы, што з Канстытуцыі прыбіраюць норму аб тым, што Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, адразу ж у краіну могуць паставіць ядзерныя боегалоўкі, гэта значыць у нас у краіне можа з'явіцца ядзерная зброя", — адзначыў ён. 

Яшчэ адзін важны момант — у новай рэдакцыі ёсць норма, якая выключае вайсковую агрэсію з тэрыторыі Беларусі ў дачыненні да іншых дзяржаў. Калі прытрымлівацца гэтага закону, то ўдзел Мінска ў ваеннай кампаніі Расіі супраць Украіны становіцца праблематычным. Нагадаем, з тэрыторыі краіны праводзіліся пускі ракет. Аляксандр Лукашэнка гэта пацвярджаў.

 

Новая рэдакцыя прадугледжвае і змяненне структуры ўлады. Новым важным органам становіцца Усебеларускі народны сход. Але як гэта будзе працаваць, пакуль да канца незразумела — парлямэнт павінен прыняць закон аб УНС.

"Па сутнасці, людзі на рэферэндуме галасавалі за ката ў мяшку — што такое УНС, адкуль ён возьмецца і як будзе функцыянаваць, цяпер не ясна, але ёсць год, каб прыняць аб гэтым закон", — кажа Аляксандр Шлык.

У палітычным сэнсе да 2024 года, калі павінны прайсці новыя выбары ў мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў, у краіне нічога не зменіцца, лічыць палітолаг дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

"Парламент і ўрад будуць працаваць па-старому, як раней. І нават калі з'явіцца УНС, гэта нічога не зменіць у бягучай канструкцыі размеркавання паўнамоцтваў, бо Лукашэнка стане яшчэ і старшынёй УНС", — кажа ён.

Аб датэрміновых выбарах у новай Канстытуцыі нічога не гаворыцца. Па плане яны павінны адбыцца ў 2025 годзе. Толькі пасля іх ўступіць у сілу норма аб тым, што прэзідэнт не зможа абірацца на гэты пост больш за два тэрміна запар. Такім чынам, Лукашэнка зможа зноў удзельнічаць у выбарах у 2025 годзе і потым яшчэ два тэрміны заставацца ва ўладзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі