У беларускім райцэнтры на 4 дні павялічылі ліміт па лоўлі рыбы. Навошта?
Рыбе патрэбен кісларод / БЕЛТА
Улады Ляхавіцкага раёна на чатыры дні — з 4 да 8 сакавіка — павялічылі норму рыбы, якую можна было вылавіць з мясцовых вадаёмаў: з 5 да 15 кг у суткі на аднаго рыбака. Аматары падлёднага лову, якія ўбачылі дакумент, задумаліся: ці не вырашыў хто-небудзь з мясцовых чыноўнікаў або прыезджых уплывовых гасцей парыбачыць у сваё задавальненне?
Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз расказаў Еўрарадыё, што ўся рэч у адлізе, якая надышла за моцнымі замаразкамі. Праз гэта ў адным з меліярацыйных каналаў здарыўся мор рыбы.
— Калі трымаюцца вялікія замаразкі, а потым рэзка надыходзіць адліга, то ў вадаёмах пачынаюцца гніласныя працэсы і з вады хутка выходзіць кісларод. Таму заўсёды хадзілі біць лункі, частку рыбы вылоўлівалі — ёсць такая невялікая хітрасць у аховы прыроды.
Цяпер мы далі дазвол літаральна на чатыры дні — і людзі, вядома ж, адразу кінуліся. Калі падымаецца ажыятаж, пачынаюць масава лавіць рыбу, боўтаюць ваду і паступае паветра. За гэты час лунак панабівалі дастаткова, і рыба сышла назад на глыбіню.
Побач з вёскай Тухавічы, дзе здарыўся мор рыбы, знаходзіцца "ПБЗ Ляхавіцкі" — вытворца паліўных брыкетаў на аснове торфу. Але начальнік Ляхавіцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская запэўнівае, што рыба пачала дохнуць не праз заводскія адходы.
— Не, гэта дакладна не звязана ні з якімі выкідамі. Мы абследавалі цалкам усю тэрыторыю, ніякіх крыніц забруджвання выяўлена не было. Прычына была ў нізкім узроўні кіслароду. Цяпер узровень кіслароду на месцах павялічваецца, сітуацыя стабілізуецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.