У Беластоцкай оперы адзначаць юбілей “Народнага альбома”
“Народнаму альбому” — 20 гадоў. З гэтай нагоды тэлеканал “Белсат” ладзіць канцэртную прэм’еру юбілейнай версіі аднаго з самых папулярных беларускіх музычных праектаў.
За музычную частку “Народнага альбома” традыцыйна адказвае Лявон Вольскі. Разам з ім спяюць і іншыя вакалісты арыгінальнага складу: Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў, Вераніка Круглова, Кася Камоцкая. Агулам у праекце будзе задзейнічана больш за 20 беларускіх музыкаў.
Разам з музычнай будзе пашыраная і візуальная частка. Гэтым займаецца вядомы польскі тэлевізійны рэжысёр Конрад Смуга, які рабіў шмат буйных тэлевізійных праектаў для галоўных каналаў Польшчы. Над элементамі мастацкага аздаблення, сцэнаграфіяй і касцюмамі працуюць мастачка Алена Ігруша і аўтар ідэі “Народнага альбома” Міхал Анемпадыстаў.
“Апошні раз мы гралі “Народны альбом” у 2008 годзе. Новая версія будзе канцэптуальна адпавядаць класічнай, але з рэалізацыяй на іншым якасным і тэхнічным узроўні, — распавядае Лявон Вольскі. — Ужо ідуць рэпетыцыі, і пакуль што па музычнай частцы я ўсім вельмі задаволены. Візуальную частку распрацоўвае польскі бок, там таксама ўсё вельмі амбітна".
Квіткі на канцэрт для беларусаў будуць бясплатнымі. Каб атрымаць квіток і візавую падтрымку, трэба зарэгістравацца на адмысловай старонцы сайта тэлеканала “Белсат”, і правільна адказаць на некалькі пытанняў пра песні “Народнага альбома”.