У Брэсце назіральнікі не знайшлі чыстай паперы, кінутай у скрыню заміж бюлетэняў

У Брэсце назіральнікі не знайшлі чыстай паперы, кінутай у скрыню заміж бюлетэняў

Назіральнікі ад Руху "За Свабоду" Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка просяць пракуратуру Брэста правесці праверку і пачаць крымінальную справу за падробку выбарчых бюлетэняў і заведама няправільнаы падлік галасоў. Адпаведную заяву яны накіравалі ў пракуратуру 12 кастрычніка, перадае БелаПАН.

Па словах Турчаняка, падчас датэрміновага галасавання выбарцы прыходзілі на ўчастак, але замест бюлетэня апускалі ў скрыню чыстыя аркушы паперы. Бюлетэні яны забіралі з сабой. Такім чынам, пры ўскрыванні скрынкі для датэрміновага галасавання ў ёй мусілі быць некалькі чыстых аркушаў.

Аднак на ўчастках №53 і №60 аркушы паперы былі замененыя запоўненымі бюлетэнямі. Па словах Турчаняка, гэта даказвае, што скрыня для датэрміновага галасавання ўскрывалася. Назіральнік заяўляе, што сёння можна казаць пра падмену як мінімум пяці бюлетэняў. Падмененыя бюлетэні, замест якіх кінулі чыстыя паперкі, Турчаняк мае ў сябе.

Пры ўскрыванні скрынкі 11 кастрычніка, кажа назіральнік, зафіксавалі адсутнасць толькі аднаго бюлетэня. Да таго ж, у скрынцы не было чатырох чыстых аркушаў паперы, хоць яны мусілі там знаходзіцца.

Турчаняк адзначае, што падробка дакументаў па выбарах караецца ў адпаведнасці з артыкулам 192 Крымінальнага кодэкса.

Брэсцкія назіральнікі кажуць, што праводзілі такі эксперымент на трох выбарчых участках. На адным з іх пры падліку галасоў былі зафіксаваныя аркушы. На думку Турчаняка, гэта тлумачыцца тым, што ў другі дзень датэрміновага галасавання назіральнік з АБСЕ сфатаграфаваў пячатку на скрынцы для датэрміновага галасавання. Чыноўнікі, мяркуе Турчаняк, не рызыкнулі ўскрываць скрыню паўторна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі