У Генпракуратуры Беларусі яшчэ не ведаюць даты выдачы Баўмгертнера

У Генпракуратуры нашай краіны РІА "Новости" паведамілі, што не маюць інфармацыі пра магчымыя тэрміны экстрадыцыі гендырэктара "Уралкалія". У амбасадзе Расіі ў Мінску кажуць, што даведаліся аб экстрадыцыі з прэсы і афіцыйнай інфармацыі яны яшчэ не маюць. Адвакаты Уладзіслава Баўмгертнера таксама заявілі, што ў іх пакуль няма ніякай інфармацыі для СМІ.
 

"У бліжэйшы час Баўмгертнер будзе перададзены прадстаўнікам расійскіх праваахоўных органаў", — цытуе словы прадстаўніка Генпракуратуры Расіі "Интерфакс-Запад". Баўмгертнер абвінавачваецца ў Расіі ў "злоўжыванні паўнамоцтвамі".

Нагадаем, Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі 26 жніўня ў мінскім аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Следчы камітэт Беларусі заявіў, што гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі. Баўмгертнеру было выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Пазней гендырэктару "Уралкалія" ў Беларусі змянілі артыкул абвінавачання, цяпер яго падазраюць у крадзяжы.

Баўмгертнер месяц знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, а пасля быў пераведзены пад хатні арышт на здымнай кватэры ў Мінску. Матэрыялы па яго справе, перададзеныя ў Расію, склалі 19 тамоў. Запыт аб экстрадыцыі ў Расію гендырэктара "Уралкалія" быў дасланы ў Беларусь у канцы кастрычніка.

Фота — ria.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі