У Германіі на акцыі пратэсту затрымалі Грэту Тунберг
Затрыманне Грэты Тунберг / Reuters
Паліцыя Германіі затрымала шведскую экалагічную актывістку Грэту Тунберг, перадае Бі-Бі-Сі.
Дзяўчына ўдзельнічала у акцыі пратэсту супраць пашырэння вугальнага кар'ера ў закінутым заходнегерманскім мястэчку Люцэрат. У гэтым мястэчку энергетычная кампанія RWE плануе знесці дамы і пашырыць вугальны кар'ер Гарцвайлер.
Паліцыянты затрымалі шэраг пратэстоўцаў, калі тыя пабеглі да краю шахты. Адзін з удзельнікаў акцыі, па звестках паліцыі, скочыў у кар'ер.
Пазней прадстаўнікі паліцыі ўдакладнілі журналістам, што ўсіх затрыманых выпусцяць без абвінавачанняў пасля высвятлення іх асобаў.
У раёне Люцэрата штогод здабываецца 25 млн тон лігніту — адной з самых нізкаякасных разнавіднасцяў бурага вугалю з вялікім утрыманнем вады. У суботу ў мястэчку адбылася буйная акцыя пратэсту, у якой, па звестках паліцыі, прынялі ўдзел каля 15 тысяч чалавек. Арганізатары называюць лічбу ў 35 тысяч.
Улады Германіі плануюць цалкам адмовіцца ад выкарыстання вугалю да 2030 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.