Платнае наведванне Нотр-Дама і турма за зняты прэзерватыў — #ІхНоравы
Секс, клімат і Нотр-Дам
Французы хочуць зрабіць наведванне Нотр-Дама платным, каб аднаўляць архітэктуру краіны. Праблемы з плынямі ў Атлантычным акіяне пагражаюць чалавецтву сур'ёзнымі зменамі клімату. Медыкі выявілі заканамернасць у тым, якія дні еўрапейцы выбіраюць для самагубства. Брытанская моладзь выступае за ўзмацненне жорсткасці пакарання за зняцце прэзерватыва падчас сексу.
Расказваем, чым жыве свет, у традыцыйнай рубрыцы "Іх норавы".
Наведванне сабора Парыжскай Божай Маці хочуць зрабіць платным
Міністр культуры Францыі Рашыда Даці прапанавала ўвесці плату за ўваход для турыстаў у сабор Парыжскай Божай Маці. Сродкі ад збору, паводле яе, дапамогуць фінансаваць рэстаўрацыю іншых рэлігійных аб'ектаў ва ўсёй краіне.
Плата ў памеры пяці еўра з кожнага турыста можа вырашыць праблему недастатковага фінансавання, праз якую сотні старадаўніх цэркваў, такіх, як царква Сен-Сюльпіс ў Парыжы і базіліка Сен-Дэні, знаходзяцца на мяжы разбурэння або закрыцця.
У інтэрв'ю для Le Figaro міністр заявіла, што грошы ад уваходных квіткоў цалкам пойдуць на маштабны план па захаванні рэлігійнай спадчыны Францыі. Яна разлічвае, што гэтая мера дазволіць сабраць каля 75 мільёнаў еўра ў год. Прапанову Даці падтрымаў і міністр унутраных спраў Бруна Рэтаё, які таксама бачыць у гэтым спосаб абараніць архітэктурныя каштоўнасці краіны.
Акрамя таго, Даці прапанавала з 2026 года дыферэнцыяваць кошт квіткоў на нацыянальныя помнікі і музеі, усталяваўшы больш высокія цэны для турыстаў з краін, якія не ўваходзяць у ЕС.
Сабор Парыжскай Божай Маці плануюць зноў адкрыць 7 снежня 2024 года, пасля амаль пяцігадовай рэканструкцыі, распачатай пасля разбуральнага пажару 2019 года.
Парушэнні плыняў у Атлантычным акіяне небяспечныя для Еўропы
Навукоўцы папярэджваюць, што ўзнікла небяспека калапсу Атлантычнай мерыдыянальнай цыркуляцыі (АМОС) — сістэмы плыняў у Атлантычным акіяне, якую прыводзіць у рух розніца ў тэмпературы, салёнасці і шчыльнасці вод на розных яго участках. Самай вядомай плынню ў гэтай сістэме з'яўляецца Гальфстрым. АМОС рэгулюе клімат Зямлі, таму да парушэння цыклу варта ставіцца з усёй сур'ёзнасцю.
У адкрытым лісце, апублікаваным на гэтым тыдні, 44 вядучыя кліматолагі заявілі, што такія змены могуць прывесці да катастрафічных і незваротных наступстваў для клімату, асабліва для Еўропы. Яны заклікалі палітыкаў зрабіць тэрміновыя захады для прадухілення гэтага сцэнара.
Паводле звестак экспертаў, прагнозы навукоўцаў, якія сцвярджаюць, што імавернасць рэзкага калапсу AMOC да 2100 года невялікая, не ўлічваюць усіх рызык. Яны папярэджваюць, што нават пры ўмеранай імавернасці гэтай падзеі яе наступствы будуць катастрафічнымі і закрануць клімат планеты на стагоддзі.
Калапс AMOC прывядзе да рэзкіх кліматычных змен. У Еўропе тэмпературы могуць знізіцца на 10-30 градусаў, што зробіць адаптацыю практычна немагчымай.
Таксама прагназуецца рэзкі рост узроўню мора і змяненне ўмоў надвор'я ў Паўднёвым паўшар'і, што нанясе шкоду экасістэмам і харчовай бяспецы.
Калі часцей за ўсё здараюцца суіцыды
Паводле глабальнага даследавання, праведзенага за апошнія чатыры дзесяцігоддзі, панядзелак і Новы год з'яўляюцца днямі падвышанай рызыкі суіцыдаў.
Пра гэта сведчыць аналіз, апублікаваны ў медыцынскім часопісе BMJ, які ахапіў звесткі пра 1,7 мільёна суіцыдаў у 26 краінах свету.
Высветлілася, што ў асаблівай зоне рызыкі знаходзяцца мужчыны, што звязана з такімі фактарамі, як стрэс на працы і ўжыванне алкаголю.
Даследнікі выявілі, што ўзровень рызыкі ў святы вар'юецца ў залежнасці ад рэгіёна. Напрыклад, у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, а таксама ў Паўднёвай Афрыцы колькасць суіцыдаў павялічваецца на Каляды, а ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы рызыка ў гэты дзень зніжаецца. Навукоўцы мяркуюць, што гэта можа быць звязана з культурнымі і рэлігійнымі асаблівасцямі рэгіёнаў, а таксама з традыцыямі сямейных святаў.
Эксперты падкрэсліваюць неабходнасць распрацаваць дадатковыя меры падтрымкі ў перыяды падвышанай рызыкі, асабліва на Новы год. Гэта можа ўключаць павелічэнне колькасці спецыялістаў на гарачых лініях дапамогі і павышэнне дасведчанасці аб праблеме.
За зняцце прэзерватыва — за краты
Паводле новага даследавання, каля паловы маладых людзей у Вялікабрытаніі падтрымлівае турэмнае зняволенне за зняцце прэзерватыва без згоды партнёра падчас сексу. У апытанні, праведзеным сярод больш 1 700 чалавек ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, большасць рэспандэнтаў назвалі гэты акт, вядомы як "stealthing", сексуальным гвалтам. Найбольшая падтрымка крымінальнага пакарання адзначалася ў выпадках, калі гэта прывяло да цяжарнасці.
Даследаванне, апублікаванае ў часопісе PLOS One, таксама паказала, што рызыка "stealthing" ацэньваецца па-рознаму ў залежнасці ад сітуацыі. Напрыклад, у выпадку выпадковай сувязі 54% рэспандэнтаў падтрымалі турэмнае пакаранне, а для працяглых адносін гэты паказчык знізіўся да 47%. Важна адзначыць, што большасць удзельнікаў лічаць "stealthing" парушэннем згоды, асабліва калі яно прыводзіць да сур'ёзных наступстваў, такіх, як незапланаваная цяжарнасць або распаўсюд інфекцый.
Даследнікі адзначаюць, што, хоць "stealthing" ужо прызнаны формай згвалтавання ў Англіі і Уэльсе, разуменне грамадскага стаўлення да гэтай практыкі дапамагае распрацаваць больш эфектыўныя меры па барацьбе з гэтай з'явай і абароне ахвяр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.