У Гомелі ад цукровага дыябету памерла дзяўчынка, якую маці лячыла самастойна

У дачыненні жанчыны распачалі крымінальную справу

У дачыненні жанчыны распачалі крымінальную справу / tvrgomel.by

У Гомелі дзіця памерла ад цукровага дыябету. Труп 11-гадовай дзяўчынкі знайшлі ў адной са здымных кватэр. "З-за адсутнасці аказання належнага медыцынскага нагляду літаральна за два тыдні хвароба ахапіла дзяўчынку і не пакінула ёй шанцу", — паведамляе tvrgomel.by.

Высветлілася, што шматдзетная маці прадала кватэру, выпісала дзяцей з усіх устаноў, у тым ліку і са школы, і хавала іх 5 гадоў. Грошы ад продажу яна пералічыла махляру, які назваўся "амерыканскім рок-музыкам Мэрылінам Мэнсанам", і абяцаў забраць яе ў ЗША. Але гэты момант адцягваў. У выніку сям'і давялося пераехаць на здымнае жыллё. Дзеці там жылі ў антысанітарных умовах, былі знясіленыя "з-за мінімальнага колькасці ежы". Таксама яны "не атрымлівалі належнага выхавання і догляду".

У сярэдняй дачкі Дар'і мелася хранічнае захворванне. У 2017 годзе дзіцяці была аформлена інваліднасць і рэкамендавана назіранне ў лекара на працягу пяці гадоў. Але маці рэкамендацыю не выканала. Цяпер дзяўчынка ў прытулку. Памерла Сафія, малодшая дачка. Адзначаецца, што жанчына спрабавала яе лячыць самастойна, але не ведала, чым яна хварэе і якія лекі патрэбныя.

Агулам у сям'і было 4 дзяцей. Жанчына іх забяспечвала за аліменты і дапамогу па інваліднасці. На вуліцу дзяцей яна амаль не выпускала, пераконвала, што хутка ўсе разам паедуць у Амерыку.

У дачыненні жанчыны распачалі крымінальную справу. Яе могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў (адно дзіця — непаўнагадовае). Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнулі чатырох службовых асоб, якія дапусцілі такую сітуацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі