У Гомелі за палітыку затрымалі былога міліцыянера

Гомельскія міліцыянеры

Гомельскія міліцыянеры / t.me/uvdgomel/

У Гомелі за палітыку затрымалі былога міліцыянера Вілена Тургунава, паведамляе Радыё Свабода. 55-гадовы мужчына актыўна вёў старонкі ў розных сацсетках, дзе выказваўся пра палітычныя і сацыяльныя падзеі. За падтрымку Украіны некаторыя іншыя карыстальнікі называлі яго "бандэраўцам". Прычынай жа затрымання Тургунава называюць каментары ў інтэрнэце, у тым ліку негатыўныя ў бок міліцыі.

Бацька Вілена Тургунава паходзіць з Узбекістана, маці — беларуска. Вілен скончыў універсітэт у Навазыбкаве (Бранская вобласць РФ) па спецыяльнасці "правазнаўства". Працаваў у Чыгуначным РАУС Гомеля. Яшчэ ў 2001-м атрымаў вымову за "безадказнае стаўленне да службы", у 2002 годзе меў "няпоўную службовую неадпаведнасць", у 2004-м — вымову за "грубае парушэнне службовай дысцыпліны, парушэнне загаду МУС". Пазней мужчына працаваў у будаўніча-мантажным трэсце ў Гомелі. Жыў у бацькоўскай кватэры — ён у разводзе.

Вядома, што цяпер адбывае пакаранне сваяк Вілена Тургунава, Ігар Казубаў. Ён служыў у гомельскай міліцыі яшчэ ў 1990-я, пасля працаваў кухарам. У сацсетках актыўна выказваўся, часам рэзка, пра беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў. Затрымалі Казубава амаль год таму, судзілі ў закрытым рэжыме (паводле артыкулаў "распальванне варожасці", "абраза Лукашэнкі" і "паклёп на Лукашэнку"). Ігара Казубава пакаралі пазбаўленнем волі (дакладны тэрмін невядомы).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі