У мінскім храме заклалі капсулу з зямлёй з магілы Багдановіча (фота)
У Храме-помніку ў гонар усіх святых у Мінску 9 снежня заклалі капсулу з зямлёй з магілы Максіма Багдановіча. Цырымонія прайшла з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння літаратара.
Як паведамляе БЕЛТА, цырымонія адбылася ў крыпце храма. Прывітанне ад імя кіраўніка дзяржавы зачытала віцэ-прэм'ер Наталля Качанава. Міністр культуры Барыс Святлоў нагадаў, што паэт завяшчаў, каб яго пахавалі ў Беларусі. "Узяцце зямлі з магілы паэта і пахаванне капсулы на радзіме — выкананне волі Максіма Багдановіча", — канстатаваў ён.
Таксама міністр дадаў, што да юбілею Багдановіча адрамантавалі будынак музея ў Мінску і падрыхтавалі яго новую экспазіцыю. Мерапрыемствы да юбілею пройдуць і ў музеі "Хатка Максіма".
У Белай зале храма прайшлі мемарыяльныя літаратурныя чытанні.