У Мінску інваліды не маглі прыпаркавацца ля паліклінікі, бо там чакалі дэлегацыю

У Мінску інваліды не маглі прыпаркавацца ля паліклінікі, бо там чакалі дэлегацыю

28 жніўня ў сеціве з'яўляецца гнеўны пост Руслана, бацькі хворага на ДЦП дзіцяці. Ён наракае на адміністрацыю Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра на Адоеўскага, 10, якая з-за прыезду міністра перакрыла паркоўку для хворых:


"Прыехалі сёння ў паліклініку пры артапедычным заводзе шкету абутак замаўляць. Пад'язджаем ― цуд! Заўсёды поўная паркоўка — пустая. Думаю, дзе ж падвох? Аказваецца, сёння прыязджае міністр! Персанал паліруе паліклініку анучкай, дыхае на вокны стэлажоў і зноў паліруе. Там, куды ў асноўным прыязджаюць людзі з праблемамі ў апорна-рухальнымі, а часта ўвогуле без канечнасцяў, паркоўка стала забароненая раптам. Жанчына на шлагбаўме прапанавала высадзіць шкета і шукаць месца за тэрыторыяй”.

Самае цікавае, дадае Руслан у размове з Еўрарадыё, міністра чакаюць у 14.00, а на паркоўку нельга заехаць ужо каля 10 раніцы. Жанчына, якая "рэгулюе" шлагбаўм, выбачаецца, тлумачыць, у чым справа, але ўсё ж пускае праехаць да будынка тых, хто ўвогуле не ходзіць.


"Відаць, на свой страх і рызыку яна пускала цяжкіх, але папрасіла прыбраць машыну. Яшчэ побач з нашай стаялі дзве машыны. З адной выгружалі жанчыну без ног. Нам потым давялося ісці пешшу, а прыпаркавацца атрымалася зусім не блізка".


У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, якая курыруе цэнтр, кажуць, што ўстанову ў гэты дзень наведала міністр сацыяльных пытанняў і працы, толькі з Сірыі ― Рыма аль-Кадэры. Па словах прэс-сакратара міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вольгі Штын, у гэты дзень адміністрацыя папрасіла сваіх супрацоўнікаў не паркаваць аўто на стаянцы каля цэнтра, агарадзіла некалькі месцаў, але праблем з уездам на стаянку ў наведвальнікаў цэнтра не мусіла быць.


"Калі адміністрацыя цэнтра выйшла на вуліцу сустракаць сірыйскую дэлегацыю, дырэктар бачыў, што шлагбаум адкрываўся для пропуску машын. Ні да яго, ні да начальніка аховы ніхто не звяртаўся і не казаў, што ёсць нейкія праблемы. Чалавека, які сутыкнуўся з сітуацыяй, просім напісаць ліст у міністэрства альбо патэлефанаваць на гарачую лінію".


Мы перадалі Руслану просьбу Міністэрства працы распавесці пра сітуацыю. Але ён адмаўляецца: 


"Інваліды ўвогуле не любяць скардзіцца, бо гэта бессэнсоўна, ― уздыхае мужчына. ― Але, паверце, вас падманулі".


З супрацоўніцай рэгістратуры пратэзна-артапедычнай бальніцы ў нас адбылася кароткая размова: 


― Добры дзень. Учора мы не маглі пад'ехаць да цэнтра і прыпаркавацца на стаянцы, бо не пускалі. Шлагбаум не працаваў, ці што. Сёння, калі прыедзем, пусцяць?


― Толькі ўчора не пускалі, бо сірыйская дэлегацыя была. Сёння прыязджайце, усё працуе.


А яшчэ Руслан узгадвае, што вясной у дапаможную школу-інтэрнат на вуліцы Машынабудаўнікоў завітаў міністр адукацыі. Ніхто не вызваляў паркоўку ад чужых аўто. Іх проста эвакуявалі.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі