У Мінску пабудуюць інтэрнат для кітайскіх студэнтаў
У раёне мінскай студэнцкай вёскі да 1 студзеня 2018 года пабудуюць інтэрнат для студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту з Кітая і Беларусі на 1 030 месцаў. Праект рэалізуюць з выкарыстаннем бязвыплатнай кітайскай дапамогі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу беларускага ўраду.
28 красавіка намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава прыняла ўдзел у закладцы першага каменя новага будынка. Па яе словах, такі праект стаў магчымы дзякуючы сяброўскім і цесным узаемаадносінам паміж Беларуссю і Кітаем. На сёння ў нашай краіне вучыцца каля 2 тысяч кітайскіх грамадзян. Таксама наладжанае цеснае супрацоўніцтва паміж універсітэтамі. Напрыклад, на базе беларускіх установаў адукацыі адкрылі ўжо тры цэнтры Інстытута Канфуцыя і пяць класаў.