У Мінску пачаўся суд над журналістам Алегам Груздзіловічам
Алег Груздзіловіч
У Мінску пачаўся суд над журналістам Алегам Груздзіловічам, які раней працаваў на "Радыё Свабода". Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (ч.1 арт. 342 КК рб), паведамляе Sputnik Беларусь.
Груздзіловіча затрымалі ў снежні мінулага года, калі беларускае МУС прызнала беларускую службу "Радыё Свабода" "экстрэмісцкім фармаваннем". Груздзіловіча абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. У той момант у яго ўжо не было журналісцкай акрэдытацыі МЗС. Але ён патлумачыў, што на момант правядзення акцыі з'яўляўся пазаштатным супрацоўнікам газеты "Народная воля", вёў рэпартаж.
У судзе абарона абвінавачанага заявіла хадайніцтва далучыць да матэрыялаў справы пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта "Народнай волі" і дапытаць у якасці сведкі галоўрэда выдання Іосіфа Сярэдзіча. Суд задаволіў абодва хадайніцтвы. Да допыту Сярэдзіча папрасілі выйсці з залы суда.
Напярэдадні суда журналісты медыя, дзе да гэтага 20 гадоў адпрацаваў Груздзіловіч, пагутарылі з яго жонкай Мар'янай. Яна расказала, што Алега ў апошні час мучыць кашаль. Але гэта "не ад прастуды, а ад таго, што ў камеры шмат хто курыць". У яго камеры 8 чалавек. Яшчэ ёй стала вядома, што двое сукамернікаў пачалі перыядычна правакаваць журналіста.
"Алег ім у бацькі ці нават у дзядулі гадзіцца. А гэтыя хлопцы такія нахабныя. Даводзяць яго. Аднак мне сказалі, што Алег трывае-трывае, але потым як дасць ім адпор. Гэта наша беларускае цярпенне мае ж таксама нейкія межы", — расказала Мар'яна.
Паводле яе слоў, у адным з апошніх лістоў муж напісаў, што чакае суда — "чакаю не дачакаюся, каб цябе ўбачыць здаровай, і вясёлай, і прыгожай".
Алегу Груздзіловічу пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.