У Мінску выступяць 4 гурты з ВКЛ
А яшчэ пройдзе вялікая выстава “Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага”.
24 ліпеня ў Мінску адбудзецца вялікі канцэрт “Дзень культуры народаў ВКЛ” з удзелам 4 фолк-гуртоў. Выступ беларускага “Палаца”, украінскага “Гыч аркестру”, польскага Volosi і літоўскага Aiste Smilgeviciute & Skyle пройдзе ў межах выставы “Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага” ва ўнутраным дворыку Нацыянальнага мастацкага музея.
Арганізатары канцэрту адзначаюць, што народы Беларусі,Польшчы, Літвы і Украіны яднае агульная гісторыя, і што ў сучасным свеце вельмі важна падтрымліваць культурныя сувязі гэтых краін. Імпрэза дасць магчымасць перадаць атмасферу эпохі Вялікага Княства Літоўскага і пазнаёміць наведвальнікаў з сучаснай музычнай культурай краін-суседак. Апроч таго публіку чакаюць традыцыйныя рамесніцкія майстэрні, выстава касцюма, даспехаў і зброі, вясёлыя танцы, віктарыны, прызы і спецыяльнае меню ад Арт-кафэ. Кошт квіткоў ад 85 да 100 тысяч рублёў. Набыць іх можна ў касе музея.
Фота: Еўрарадыё