У Мінску за наркотыкі судзяць футбаліста "Крумкачоў"
У Мінску за наркотыкі судзяць футбаліста НФК "Крумкачы" Алега Дыбаля. Крымінальную справу разглядае суд Партызанскага раёна. Дыбаля абвінавачваюць у незаконным з мэтай збыту набыцці, ужыванні, захоўванні альфа-PVP (ч. 3 арт. 328 КК), інфармуе БЕЛТА.
Футбаліст быў затрыманы ў пачатку кастрычніка мінулага года. Падчас ператрусу ў кватэры Алега Дыбаля знайшлі 40 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.
У мінулым сезоне Алег Дыбаль паспеў згуляць у другой лізе чэмпіянату Беларусі за НФК "Крумкачы" 20 матчаў.