У Палескім радыяцыйным запаведніку зробяць 104 кіламетры прасек за кошт Расіі
Рашэнне рабіць прасекі ў радыеактыўным запаведніку выглядае вельмі дзіўна / obzoor.by
У Палескім радыяцыйным запаведніку ўлады збіраюцца зрабіць сетку праездаў, даўжынёй 104 кіламетры. Шырыня прасек вельмі вялікая — 100 метраў. Для гэтага плануецца высечы амаль 70 тысяч дрэў да канца 2022 года.
Кошт работ — $680 тысяч, а заплаціць за гэта "Саюзная дзяржава".
Патрэбна сетка праездаў для "зніжэння рызык трансгранічных пераносаў радыеактыўных элементаў пры надзвычайных сітуацыях на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях дзяржаў-удзельніц Саюзнай дзяржавы і павышэнне аператыўнасці пры іх ліквідацыі", гаворыцца ў апісанні тэндэру на правядзенне работ.
Улады не ўдакладняюць, якога роду НС могуць зноў адбыцца ў запаведніку або непадалёк. Затое "Саюзная дзяржава" цалкам можа стварыць НС самастойна. Напрыклад, у сакавіку расійскія жаўнеры рылі акопы ў Рудым лесе — самым загразджаным месцы побач з Чарнобыльскай АЭС. Таксама паблізу АЭС праходзілі баявыя дзеянні, калі Расія пачала вайну супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.