У Польшчы беларуса падазраюць у арганізацыі маштабнай схемы гандлю дакументамі

Затрыманне (ілюстрацыйнае фота) / pap.pl
У Польшчы беларуса падазраюць у арганізацыі маштабнай схемы гандлю дакументамі для атрымання польскіх віз. У выкрытай польскімі праваахоўнікамі "беларуска-ўкраінскай мафіі" налічвалася каля 100 чалавек, якім выстаўленыя абвінавачванні. Арыштаваныя 7 чалавек, піша rp.pl.
Кіраўніку групы Алегу М. 30 гадоў. З 2017-га ён мае від на жыхарства ў Польшчы. У яго былі восем асноўных памочнікаў (грамадзян Беларусі і Украіны). Большасць абвінавачаных (77 чалавек) удзельнічалі ў выдачы розных запрашэнняў.
Зламыснікі прапаноўвалі дапамогу ў арганізацыі выдачы разнастайных віз. Іх паслугамі карысталіся грамадзяне Беларусі, Украіны, Грузіі, Малдовы, краін Азіі. Як адзначае выданне, на след зламыснікаў выйшлі выпадкова. У польскага консула ў Беларусі выклікала падазрэнне кампанія, якая выдала аднаму з кліентаў дакумент аб працаўладкаванні. Высветлілася, што яна ўжо не існуе. Далейшая праверка паказала, што ў Лодзі і Беластоку было шэсць фіктыўных кампаній, якія выдалі больш за 2 тысячы даведак аб занятасці.
Як вынікае з расследавання, адукацыйныя візы былі падмацаваныя дакументамі аб навучанні ў неіснуючых вышэйшых навучальных установах. У іх некаторых замежнікаў "навучалі" гісторыі японскай кухні. Найбольш дарагой была паслуга па атрыманні візы "PBH" — 700 долараў за двух дарослых і дзіця. Адзначаецца, што ёй скарысталіся каля 30 чалавек, пераважна беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.