У Польшчы зноў выступілі за сінхранізацыю санкцый ЕС супраць Расіі і Беларусі

Радаслаў Сікорскі выступіў з дакладам у Сейме

Радаслаў Сікорскі выступіў з дакладам у Сейме / РАР

Санкцыі ЕС супраць Расіі і Беларусі павінны быць сінхранізаваныя, мяркуе міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Такое меркаванне ён выказаў у Сейме, дзе выступаў з дакладам пра замежную палітыку ўрада.

"Важны інструмент у барацьбе з агрэсарам — эфектыўныя санкцыі Еўрасаюза. Выступаю таксама за дадатковыя санкцыі супраць Беларусі. Яны павінны быць сінхранізаваныя з расійскімі, каб выключыць магчымасці абыходу", — сказаў ён. Яго словы прыводзіць Reform.news.

Сікорскі таксама падтрымаў ідэю канфіскаваць расійскія валютныя рэзервы, размешчаныя ў Еўропе. На яго думку, Расія павінна панесці адказнасць за зробленую Украіне шкоду. Сікорскі нагадаў, што 22 сакавіка Еўрасавет падтрымаў прапанову Еўракамісіі накіраваць даходы ад замарожаных актываў Цэнтрабанка Расіі на падтрымку ахвяраў пуцінскай агрэсіі. "Наступным крокам павінна быць канфіскацыя расійскіх валютных рэзерваў", — мяркуе кіраўнік польскага МЗС.

Раней у сакавіку Сікорскі ўжо агучваў ідэю аб неабходнасці сінхранізаваць санкцыі супраць Расіі і Беларусі на сустрэчы з літоўскім калегам Габрыэлюсам Ландсбергісам у Варшаве. Ландсбергіс тады адзначыў, што з пачатку вайны экспарт некаторых тавараў з Беларусі ў ЕС вырас у 30 разоў. І гэта не беларускія тавары. Расіяне выкарыстоўваюць РБ для абыходу абмежаванняў, уведзеных супраць РФ, адзначыў Ландсбергіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі