У пятніцу вечарам у Мінску стартуе першы беларускі шоукейс-фестываль
23-24 лістапада ў Мінску пройдзе першы шоукейс-фестываль. Ён мае назву Iskra Showcase Weekend і будзе складацца з двух вячэрніх канцэртаў беларускіх артыстаў з хэдлайнерамі з Францыі і Германіі, а таксама аднадзённай адукацыйнай праграмай для беларускіх музыкаў і менеджараў.
Шоукейс-фестываль — гэта кірмаш талентаў з мэтай выхаду на міжнародныя рынкі. Беларускіх артыстаў, якія даслалі 153 заяўкі, для праграмы абіралі прадстаўнікі французскіх і нямецкіх фестываляў Europavox, Pop-Kultur, Stereolux, таксама Наталля Падабед — еўрапейскі агент Onuka, “ДахаБраха”, Oligarkh, Shortparis і іншых артыстаў. Яны прыедуць асабіста паглядзець на ўсе канцэрты, каб адабраць музыкаў для сваіх мерапрыемстваў і ўзяць удзел у адукацыйнай праграме.
Пятнічны Electronic Showcase узначаліць французскі мультыінструменталіст Chapelier Fou. На яго рахунку гастролі па ўсёй Еўропе, а таксама ў Расіі, Кітаі, Паўночнай Амерыцы. У Мінску ён прадставіць новы дыск “Muance”. Разам з ім выступяць беларускія артысты: Intelligency, Аня Жданава, Ayva, Maximalism.
Хэдлайнерам суботняга Rock Showcase будзе нямецкі гурт Oum Shatt з Берліна. Расійская “Афіша” адзначыла, што Oum Shatt маглі б стаць нямецкімі Franz Ferdinand, але яны вырашылі стаць саркастычна нацыянальнай версіяй Joy Division. Разам з імі выступяць беларусы Dlina Volny, “Маўчаць дома”, Nürnberg, Lubber Louie.
Адукацыйная праграма пройдзе у суботу з 12 да 17 гадзін. Яна будзе прысвечаная пытанням выхаду беларускіх артыстаў на еўрапейскія рынкі. Сваімі ведамі і досведам падзеляцца: Наталля Падабед — еўрапейскі агент Onuka, “ДахаБраха”, Oligarkh, Shortparis і інш .; Франсуа Адзіж’е — прадстаўнік фестывалю Europavox (Францыя); Крысціян Морын — куратар міжнароднага фестывалю Pop-Kultur (Германія); Жан-Мішэль Дзюпа — букер фестываляў Stereolux і Le Printemps de Bourges (Францыя).
Квіткі на мерапрыемствы фестывалю, які пройдзе на базе культцентра “Корпус”, каштуюць ад 10 рублёў. Пачатак вячэрніх канцэртаў у 18:00.