У Рыа-дэ-Жанейра закідалі камянямі аўтобус з журналістамі
Аўтобус з журналістамі, які ездзіў паміж спартовымі аб’ектамі Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра, закідалі камянямі. У выніку інцыдэнту ніхто сур’ёзна не пацярпеў. Як інфармуе ВВС, спачатку паведамлялася, што аўтобус абстралялі невядомыя, але потым высветлілася, што яго закідалі камянямі.
У салоне разбілі два акна, а некаторыя журналісты атрымалі лёгкія драпіны. Відавочцы кажуць, што аўтобус не спыняўся, але прытармазіў. Усе ляглі на падлогу. На месца інцыдэнту прыбыла паліцыя, якая пасля суправаджала транспартны сродак да прэс-цэнтру.
Цяпер мясцовыя ўлады расследуюць здарэнне. Зрэшты, перад пачаткам Гульняў гарадская паліцыя Рыа-дэ-Жанейра папярэджвала, што можа не даць рады ў справе захавання бяспекі турыстаў і іншых замежнікаў падчас Алімпіяды.