У Салігорску 20-гадовы байкер загінуў пасля сутыкнення з аўтобусам
У Салігорску 20-гадовы байкер загінуў пасля сутыкнення з аўтобусам. Пра трагічны інцыдэнт агенцтву БЕЛТА распавялі ў УДАІ УУС Мінаблвыканкама.
ДТЗ адбылося 19 чэрвеня каля 16.20 на аўтадарозе Пагост-Салігорск, каля канцавога аўтобуснага прыпынку "Калійспецтранс". Юнак, жыхар Слуцка, ехаў у бок Пагоста і хацеў на павароце абагнаць аўтобус. Пры гэтым байкер не разлічыў і ўрэзаўся ў аўтобус.
У каментары сайту autorun.by відавочца трагедыі распавёў: "Я пабег да яго, памацаў пульс, але па вонкавым выглядзе было відаць, што ён не выжыве. Рукі /.../ зламаныя, і з галавы на шлем і зямлю ішла кроў у вялікай колькасці. Быў апрануты ў працоўную вопратку і ў шлеме".
Цяпер па факце ДТЗ праводзіцца праверка.