У Швецыі ўручаць альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію па літаратуры
У Швецыі ўручаць альтэрнатыўную Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Больш за 100 дзеячоў культуры гэтай краіны (сярод іх — акцёры і пісьменнікі) заснавалі "Новую акадэмію". Менавіта яна і агучыць імя лаўрэата, інфармуе meduza.io.
У лік прэтэндэнтаў могуць трапіць аўтары, якія маюць як мінімум дзве кнігі, адна з якіх павінна быць апублікаваная за апошняе дзесяцігоддзе. Калі яны будуць вылучаныя, адбудзецца публічнае галасаванне. Па яго выніках абяруць чатырох самых папулярных аўтараў. З іх ліку журы конкурсу будзе выбіраць пераможцу. Яго імя агучаць у кастрычніку.
Як вядома, Нобелеўскі камітэт адмовіўся ўручаць сёлета прэмію па літаратуры. Прычынай стаў скандал у Шведскай акадэміі. Заснавальнікі альтэрнатыўнай прэміі заявілі, што "Новая Акадэмія" спатрэбілася, каб "нагадаць людзям, што літаратура і культура ў цэлым павінны садзейнічаць дэмакратыі, празрыстасці, суперажыванню і павазе ў грамадстве, без прывілеяў, пыхі і сэксізму".