У Варшаве затрымалі 26-гадовага беларуса, які згубіў пашпарт і жыў у аўтамабілі
Сваю віну беларус не стаў адмаўляць
У Варшаве затрымалі 26-гадовага грамадзяніна Беларусі, які згубіў пашпарт і жыў у аўтамабілі. Яму пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі за захоўванне наркотыкаў.
Як паведамляе mokotow.policja.gov.pl, паліцыя спыніла машыну беларуса для праверкі. Паводзіны кіроўцы паліцэйскім падаліся падазронымі. Яны агледзелі Audi A4 і знайшлі наркотыкі агульнай вагой каля кілаграма. Там былі 160 доз марыхуаны, какаіну, мефедрону, гашышу і галюцынагенных грыбоў. Паколькі яны былі расфасаваны і заматаны каляровымі стужкамі, мужчыну падазраюць у тым, што наркотыкі падрыхтавалі для продажу.
Беларусу выставілі абвінавачванне ў захоўванні вялікай колькасці наркатычных сродкаў. Сваю віну ён не стаў адмаўляць. А пакуль у дачыненні да яго ўвялі паліцэйскі нагляд. Ён павінен рэгулярна адзначацца ў паліцэйскім участку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.