У загінулага маёра Андрэя Нічыпорчыка засталіся трое дзяцей
19 траўня ў Баранавічах разбіўся вайсковы самалёт Лідскай штурмавой авіябазы Як-130, загінулі два пілоты: маёр Андрэй Нічыпорчык і лейтэнант Мікіта Куканенка. Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, Нічыпорчык — ураджэнец Паставаў, яму было 33 гады. Андрэй Нічыпорчык нарадзіўся ў сям'і ваеннага лётчыка, у 2010-м скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі. Быў выдатным спецыялістам, мог выконваць баявыя задачы і ўначы "ва ўсіх метэаралагічных умовах" (у 2016-м здзяйсняў на Як-130 пасадку на аэрадромны ўчастак дарогі), з 2017-га ўдзельнічаў у паветраных парадах і дэманстрацыйных палётах, у вучэннях.
Апошнія пяць гадоў Нічыпорчык служыў інструктарам — рыхтаваў маладых пілотаў да палётаў на Як-130. Адным з іх быў лейтэнант Мікіта Куканенка.
У маёра засталіся трое дзяцей.
Лейтэнант Мікіта Куканенка — ураджэнец Полацка, яму было 22 гады. Летась ён скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.