У Жыткавічах на камісію па працаўладкаванні беспрацоўнага прывёў міліцыянт
"Дайце месяц, працаўладкуюся", — сказаў мужчына
У Жыткавічах у Гомельскай вобласці прайшло пасяджэнне камісіі па працаўладкаванні і садзейнічанню занятасці. Кіраваў ім Леанід Валатоўскі, "кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна". Як піша раённая газета, жыхар адной з вёсак Верасніцкага сельсавета на камісію "прыйшоў у суправаджэнні супрацоўніка міліцыі". Раней мужчына працаваў жывёлаводам, але за п'янку яго звольнілі. У апошнія гады ён меў часовыя заробкі ў Расіі. У прысутнасці сілавіка вясковец сказаў, што за месяц знойдзе сабе працу.
Камісія разглядала справу жыхаркі раёна, якая да нядаўняга часу працавала на птушкафабрыцы ў Бранскай вобласці РФ. Цяпер жа яна працаўладкавалася на Міншчыне і працуе вахтамі. Але дакументаў, якія б пацвердзілі занятасць, "не хапіла". Камісія будзе рабіць запыт.
Яшчэ адна жанчына прыйшла замест сына, які "трапіў у базу незанятых". Ён працуе ў Расіі. Маці паказала чыноўнікам натарыяльна завераную даверанасць, якая пацвярджае, што сын служыць у адной з цэркваў Масквы.
"Навошта ісці на працу, ужо хутка ўсё", — летам 2024-га на падобным мерапрыемстве на Дзятлаўшчыне патлумачыў сваю пазіцыю 59-гадовы мужчына. Прысутныя палічылі, што ён меў на ўвазе набліжэнне пенсійнага ўзросту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.