У ЗША выставілі абвінавачанне ўкраінскаму алігарху Фірташу
Дзмітрыя Фірташа вінавацяць у перадачы хабару індыйскім чыноўнікам для атрымання дазволаў на распрацоўку радовішчаў тытану ў Індыі.
Як інфармуе "Украінская праўда", агулам у рамках справы аб расследаванні міжнароднай карупцыйнай схемы пад следствам знаходзяцца шэсць чалавек. Акрамя Фірташа, гэта грамадзяне Украіны, Венгрыі, Індыі. Расследаванне пачалося яшчэ ў 2006 годзе. Індыйскія чыноўнікі атрымалі каля 18,5 млн долараў. Штогадовы прыбытак ад распрацоўкі радовішчаў мог дасягнуць 500 млн долараў.
Дзмітрый Фірташ не толькі даваў хабар, але і загадаў падрабіць дакументы, якія прыхоўвалі незаконныя выплаты, прадстаўляючы іх звычайнымі камерцыйнымі плацяжамі.
Паведамляецца, што расследаванне было праведзенае сіламі ФБР у Чыкага, разбіральніцтва вядзецца спецыялістамі суда паўночнай акругі штата Ілінойс. Дзмітрый Фірташ быў затрыманы ў сакавіку ў Аўстрыі. Пазней яго вызвалілі пад заклад у 125 млн еўра.
Фота — dmitryfirtash.com