Укус за сцягно, прыціснуў пальцы: як сілавікі "пацярпелі" ад пратэстоўцаў
Сутыкненні з сілавікамі ў Мінску 14 ліпеня 2020 года
Укус за сцягно, прыціснуў пальцы дзвярыма, штурхнуў і сарвала маску — за такія дзеянні ў Беларусі людзей саджаюць у калоніі. А яшчэ за свае маральныя пакуты сілавікі любяць патрабаваць кампенсацыю. Пры гэтым часцей за ўсё яны заяўляюць, што грошы перавядуць на "дабрачыннасць".
Еўрарадыё паглядзела, за што сілавікі патрабуюць з пратэстоўцаў "маральную кампенсацыю".
Укус за сцягно
Гэты выпадак адбыўся ў канцы жніўня 2020 года, калі сілавікі пачалі разганяць жаночыя маршы салідарнасці. Сілавікі ўварваліся ў тралейбус і сталі затрымліваць брата і сястру Аляксандра і Наталлю Раентавых. Тады ж Наталля ўкусіла за левае сцягно аднаго з сілавікоў у чорнай форме. Відэа іх затрымання было ва ўсіх тэлеграм-каналах.
Брата і сястру адправілі на суткі. Але гісторыя на гэтым для іх не скончылася: неўзабаве пасля адбыцця арышту Наталлю і Аляксандра зноў затрымалі, гэтым разам па крымінальнай справе — за "гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў".
Пацярпелы, старшы прапаршчык АМАПа Андрэй Хоміч, у судзе расказаў пра наступствы ўкусу: "Быў сіняк адразу, была кроў, і былі пашкоджаны мяккія тканкі. Адразу ж, калі мы прыехалі ў РУУС, я агледзеў месца [ўкусу]. Удараў яна мне не наносіла, толькі хапалася за адзенне".
І запатрабаваў ад дзяўчыны 2 тысячы рублёў за маральную шкоду. У выніку суд прысудзіў Наталлю да 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму і абавязаў выплаціць запатрабаваную суму.
Зламаныя пальцы
Раніцай 23 красавіка 2021 года да Віталя Каваленкі з ператрусам прыйшлі сілавікі. Спрабуючы зачыніць дзверы перад невядомымі ў цывільным, Віталь зламаў два пальцы супрацоўніку АМАПа.
На судзе Віталь заявіў, што не ўжываў гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Ён растлумачыў, што пачуў крык жонкі: "Віталь, дапамажы!", прыбегшы да яе ў тамбур, ён убачыў не менш як чатырох мужчын у спартыўных касцюмах, масках, быў у шокавым стане ад таго, што адбывалася, і думаў, што ў яго кватэру ломяцца бандыты або алкаголікі. Ніхто не прадстаўляўся і не казаў, што яны з міліцыі. Віталь не бачыў рук і пальцаў, не адчуваў, што мог зламаць іх дзвярыма, але дапускаў, што такое магло быць.
Пацярпелы сілавік расказаў сваю версію, па якой "усе супрацоўнікі былі ў цывільным, у масках і балаклавах, мелі пры сабе зброю. Супрацоўнікі міліцыі пазванілі ў дзверы, жанчына адчыніла, ёй сказалі, што "з міліцыі", пасля чаго жанчына закрычала, а Каваленка, які прыбег, паспрабаваў зачыніць дзверы".
Сілавіку дыягнаставалі пералом двух пальцаў, спатрэбілася два месяцы лячэння. Міліцыянер адзначыў, што залячыў руку, але "не мог аказваць дапамогу сваім родным у часе летняй пасяўной". Ён запатрабаваў пакрыцця нанесенай шкоды ў памеры 5 тысяч рублёў.
Віталя Каваленку прызналі вінаватым, прысудзілі да трох гадоў "хіміі" і абавязалі выплаціць 2 тысячы рублёў кампенсацыі.
Сарваная маска
У часе аднаго з апошніх жаночых маршаў у Мінску Наталлю Хершэ, якая прыехала наведаць родных у Беларусі, затрымалі і адправілі на суткі. У часе затрымання яна сарвала з аднаго з сілавікоў маску, пасля гэтага яе запіхалі ў белы "бусік". Наталлю асудзілі на 15 сутак, а потым завялі крымінальную справу.
"Пацярпелы" — 22-гадовы амапавец Сяргей Кончык. На судзе ён расказаў, што атрымаў "драпіну на твары", а сама маска "пашкодзілася ў вобласці вачэй".
Суд прысудзіў Наталлю Хершэ да 2,5 года пазбаўлення волі і абавязаў яе выплаціць 1 тысячу рублёў кампенсацыі Кончыку. Сілавік паабяцаў ахвяраваць гэтыя грошы на дабрачыннасць.
Штуршок
14 ліпеня ў Мінску праходзіла акцыя пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Былі выпадкі жорсткіх сутыкненняў з сілавікамі. У той жа дзень каля станцыі метро "Няміга" быў затрыманы Антон Лакішык.
Спачатку на яго склалі пратакол па адміністрацыйным правапарушэнні па "народным артыкуле" 23.34 і пасля некалькіх гадзін у РУУС Цэнтральнага раёна — адпусцілі. Суд па адміністрацыйнай справе так і не адбыўся: на Антона распачалі крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПа.
На судзе супрацоўнік АМАПа Яўген Дудкін заявіў, што фізічных пакут не панёс, цялесных пашкоджанняў не было, у медыцынскую ўстанову не звяртаўся. І запатрабаваў за свае маральныя пакуты 1 тысячу рублёў.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў Антона Лакішыка 18 лістапада 2020 года да трох гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ ў часе суда Антон кампенсаваў "маральную шкоду" сілавіку і выплаціў запатрабаваную 1 тысячу рублёў.
Наезд
12 жніўня 2020 года ў Мінску на праспекце Пераможцаў машыну, за рулём якой быў Аляксандр Троцкі, спынілі "людзі са зброяй, у масках, цёмным адзенні". Яны не прадставіліся, запатрабавалі выйсці і адчыніць багажнік.
Троцкі адмовіўся выйсці, пасля чаго невядомыя дасталі агнястрэльную зброю. Аляксандр ірвануў з месца і наехаў на супрацоўніка ДАІ, які апынуўся на капоце. Сілавікі адкрылі агонь па машыне. Аляксандра затрымалі і жорстка збілі.
Пацярпелы — 40-гадовы супрацоўнік ДАІ Уладзімір Юраў — атрымаў прызнаныя экспертызай "нязначныя траўмы". Ён запатрабаваў кампенсацыі матэрыяльнай шкоды ў памеры 20 тысяч рублёў.
Мінскі гарадскі суд прысудзіў Аляксандра Троцкага да 10 гадоў калоніі і пастанавіў выплаціць Юраву 10 тысяч рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.