Улады Беларусі ўводзяць забарону на транзіт па чыгунцы некаторых тавараў з Літвы
Улады Беларусі ўводзяць забарону на транзіт па чыгунцы некаторых тавараў з Літвы — нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў, пагружаных на літоўскіх станцыях. Сцвярджаецца, што па беларускай тэрыторыі такіх грузаў штогод перавозіцца да 1,6 млн тон на 1 млрд долараў. Пра гэта ў сераду заявіў прэс-сакратар МЗС РБ Анатоль Глаз. Рашэнне ўступае ў сілу з 7 лютага.
Гэта адказ афіцыйнага Мінска на спыненне Літвой з 1 лютага транзіту беларускіх калійных угнаенняў (гэта назвалі "гібрыднай атакай"), якія па чыгунцы дастаўляліся ў порт Клайпеды. Па словах Глаза, уладам Літвы неаднаразова прапаноўвалася ўрэгуляваць сітуацыю "у прававым полі", але так жаданага дыялогу ўлады Беларусі не дачакаліся.
Пра "сіметрычны адказ" раней папярэджваў Аляксандр Лукашэнка, а напярэдадні — прэм'ер Раман Галоўчанка. Апошні заявіў, што ў літоўскі суд ужо пададзена іская заява — беларускі бок спадзяецца атрымаць значную кампенсацыю за скасаваную дамову з "Беларуськаліем".
У Літве сур'ёзна ставяцца да пагрозаў з Мінска, але пакуль сочаць за сітуацыяй, чакаюць, якія канкрэтна "контрсанкцыі" прымуць улады Беларусі.
МЗС Беларусі падкрэслівае, што афіцыйны Мінск "захоўвае адкрытасць да дыялогу" з Вільняй. МЗС РБ таксама адзначае, што "Рэспубліка Беларусь устрымлівалася ад рэзкіх мер у адказ", але "пакідае за сабой права на далейшыя дзеянні эканамічнага характару, у тым ліку сумесна са сваімі партнёрамі". А далей пагражае, што "у выніку чаго транзітная інфраструктура Літвы можа пайсці ва ўтыль".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.