Уладзімір Пуцін: Мы нікога не акупавалі ў Крыме

Уладзімір Пуцін: Мы нікога не акупавалі ў Крыме

Уладзімір Пуцін у інтэрв'ю нямецкаму выданню Bild заявіў, што Расія не парушыла ў Крыме міжнароднае права. Ён заявіў, што кожны народ мае права на самавызначэнне, як гэта пазначана ў Статуце ААН.

Прысутнасць расійскіх войскаў у Крыме на пачатку 2014 года Пуцін патлумачыў неабходнасцю прадухіліць "умяшанне ў свабоднае волевыяўленне людзей".

"Мы не ваявалі, не акупавалі нікога, нідзе не стралялі, ні адзін чалавек не загінуў у выніку падзей у Крыме. Ні адзін! Мы выкарысталі ўзброеныя сілы толькі для таго, каб стрымаць дваццаць з лішнім тысяч вайскоўцаў Украіны, якія знаходзіліся там, ад умяшання ў свабоднае волевыяўленне людзей, якія пражываюць там", — перадае сайт Крамля словы Пуціна.

Пры гэтым кіраўнік Расіі спаслаўся на прыклад Косава, якое абвясціла пра сваю незалежнасць рашэннем парламента.

Як нагадавае BBC, Расія прызнала Украіну ў яе сучасных межах, падпісаўшы тры міжнародныя дакументы: Алма-ацінскую дэкларацыю 1991 года, Будапешцкі мемарандум 1994 года і Пагадненне Украіны і Расіі аб размяшчэнні Чарнаморскага флоту РФ у крымскіх партах ад 1997 года.

Паводле ацэнак некаторых экспертаў, дзеянні Расіі ў Крыме ў 2014 годзе можна ацэньваць як інтэрвенцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі