"Прабоіна ў верхняй палубе, утварыўся крэн" — УСУ пашкодзілі расійскі "Ямал"
Вялікі дэсантны карабель "Ямал"
УСУ ноччу 24 сакавіка нанеслі ўдар па 13-м суднарамонтным заводзе Чарнаморскага флоту Расіі. Завод размешчаны ў Севастопалі. Пра вынікі атакі сёння зрабілі справаздачу ў Галоўным упраўленні разведкі (ГУР) Міністэрства абароны Украіны.
Ля завода быў прышвартаваны вялікі дэсантны карабель "Ямал". Ён атрымаў пашкоджанні. І гэтыя пашкоджанні, паводле ацэнак вайсковай выведкі Украіны, носяць "крытычны характар: прабоіна ў верхняй палубе абумовіла нахіл на правы борт". У ГУР кажуць, што "акупанты бесперапынна адпампоўваюць ваду з пашкоджанага карабля, які ўдзельнічаў у анэксіі Крыма". Апошнія некалькі гадоў — з 2017 да 2023 года — гэтае судна стаяла на рамонце.
Hromadske адзначае, што акрамя "Ямала" на заводзе быў прышвартаваны яшчэ адзін вялікі дэсантны карабель — "Азоў". Украінскім вайскоўцам таксама ўдалося пашкодзіць цэнтр сувязі і некалькі аб'ектаў інфраструктуры Чарнаморскага флоту РФ. Расійскі рэсурс ASTRA сцвярджае, што ў выніку ўчорашняй атакі на Крым быў пашкоджаны таксама выведвальны карабель "Іван Хурс".
"У ноч з 23 на 24 сакавіка па Севастопалі запусцілі 18 ракет. Збітыя 11 з іх. Пашкоджана в/ч на вуліцы Руднева, БДК "Азоў" і "Ямал" і выведвальны карабель"Іван Хурс". Паводле звестак крыніц ASTRA, у "Іван Хурс" трапілі адразу 2 ракеты", — гаворыцца ў паведамленні.
Стаўленік Расіі ў Севастопалі Міхаіл Разважаеў назваў учорашнюю атаку на Севастопаль "самай масавай за апошні час".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.