Чаму ў абмене зняволенымі паміж Захадам і Расіяй няма беларусаў? Кажа эксперт

Найбуйнейшы палітычны абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам з часоў халоднай вайны

Найбуйнейшы палітычны абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам з часоў халоднай вайны / @rubanau_collage

Сёння ўрады ЗША і Германіі праводзяць негалосны маштабны абмен зняволенымі з Расіяй. Паводле шэрагу крыніц, сярод вызваленых можа быць да 30 чалавек. У тым ліку палітычныя праціўнікі Пуціна — Уладзімір Кара-Мурза, Ілья Яшын і інш.

Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман лічыць, што магчымасці ўключыць у гэты абмен беларускіх палітвязняў не было.

“Калі паглядзець на гэты кантэкст больш сур’ёзна, то тое, што гаворка ідзе пра расійскіх лібералаў і іх вызваленне, сведчыць, што Захад аддае ім больш увагі, чым беларускім палітвязням. Гэта, на жаль, так. І асобы кшталту Кара-Мурзы і Яшына на Захадзе нашмат больш вядомыя, чым нават нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. 

Таксама гэта сведчыць, што ў гэтым абмене роля Беларусі і Лукашэнкі — выключна другасная. Лукашэнка — [проста] выканаўца пэўнай часткі працы, а менавіта справы [памілаванага грамадзяніна Германіі Рыка] Крыгера. На правілы гульні тут ён не ўплывае, яны выключна маскоўскія. Таму ў гэтай сітуацыі і перамовы ідуць паміж Захадам і Расіяй”.

Пры гэтым эксперт лічыць, што пытанне беларускіх палітвязняў у кантэксце абмену магло абмяркоўвацца. 

“Можа, кулуарна яно [пытанне] існуе. Мы далёка не ўсё ведаем, але яно магло ўзнікнуць у тым кантэксце, калі Захад у гэтай сітуацыі мог Лукашэнку нешта прапанаваць. Пакуль не бачна, што на Захадзе ёсць пэўныя людзі, агенты, шпіёны асуджаныя. Няма такой інфармацыі і людзей, якія б Лукашэнку цікавілі. Такіх асоб на Захадзе, відаць, няма. <…> Магчыма, мы тут разважаем, чаму Захад не клапоціцца пра беларускіх палізняволеных, а магчыма, цяпер ідуць нейкія перамовы, і, можа, нехта будзе вызвалены. Выглядае фантастычна, і я не думаю што гэта адбудзецца, але аперацыя па абмене адбываецца настолькі закрыта, што, можа, сёння ці заўтра нас чакаюць нейкія сенсацыйныя навіны”.

Нямецкі ўрад мог быць больш настойлівым і запатрабаваць вызваліць Марыю Калеснікаву, ганаровую грамадзянку горада Штутгарт, у якой, магчыма, ёсць нямецкі пашпарт. 

“Тэарэтычна такое [патрабаванне] магло быць не толькі наконт Марыі Калеснікавай, але і іншых палітвязняў. <...> Калі б такое патрабаванне было і яго сфармулявалі вельмі жорстка, то ў гэты момант Масква б зрабіла ўсё, каб Лукашэнка гэта зрабіў [вызваліў Калеснікаву]. <...> Мы дакладна не ведаем, было так ці не, гэта ўжо спекуляцыі. У мяне нейкай інсайдарскай інфармацыі пра гэта няма”.

Адзіная магчымасць, паводле Фрыдмана, таго, што Захад мог выцягнуць беларускіх палітвязняў, — калі б гэтага захацела Масква. 

“Калі б там лічылі абмен важным для сябе, яна знайшла б магчымасць націснуць на Лукашэнку і атрымаць пэўных людзей. Пакуль не выглядае, што такія патрабаванні выказваліся. Я думаю, калі б такая тэма гучала, Масква, хутчэй за ўсё, сказала б: “Прабачце, гэта справа Лукашэнкі. Мы тут паўплываць не можам. Вось сваіх людзей мы можам аддаць, а тых, хто ў Беларусі знаходзіцца, — не”.

На сёння ў Лукашэнкі няма падставаў пазбаўляцца ад палітвязняў. 

“Яны для яго рэсурс, за які можна для сябе нешта атрымаць у будучыні. Я думаю, што ён не ў захапленні ад таго, што яму давялося раней украінцаў аддаць. Цяпер ён аддае Крыгера. Так, ён нешта атрымае ад Масквы, але думаю, што ён разлічваў на большае”.

Абмен Крыгера на кілера ГРУ Вадзіма Красікава сапсаваў імідж і суб’ектнасць Лукашэнкі як незалежнага палітычнага гульца.

“Падчас яго ён даказваў сваю суб’ектнасць, што ён галоўны чалавек, што ён тут вырашае. Але з самага пачатку было зразумела, што ў Лукашэнкі абмежаваныя магчымасці вырашаць пытанні. Ён толькі частка вялікай расійскай гульні”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі