У ГУР Украіны пацвердзілі знішчэнне чарговага расійскага карабля ў Чорным моры

У 2023-м "Сяргей Котаў" перажыў атаку, а сёлета пайшоў на дно

У 2023-м "Сяргей Котаў" перажыў атаку, а сёлета пайшоў на дно / ria.ru

У Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны пацвердзілі знішчэнне чарговага расійскага карабля ў Чорным моры, пра што раней паведамілі тг-каналы расійскіх "ваенкараў". На гэты раз марскія дроны Magura V5 патапілі патрульны карабель Чарнаморскага флоту "Сяргей Котаў".

Аперацыя была праведзена ў ноч з 4 на 5 сакавіка спецпадраздзяленнем ГУР Мінабароны Украіны Group 13 каля Керчанскага праліва. Дронаў было пяць, таму карабель атрымаў шматлікія пашкоджанні — кармы, правага і левага бартоў.

Быў знішчаны і карабельны транспартна-баявы верталёт Ка-29.

ГУР падкрэслівае, што кошт "Сяргея Котава" складае каля 65 млн долараў. Гэта адзін з найноўшых караблёў, які быў уведзены ў склад флоту ў 2022-м. Яго спрабавалі патапіць яшчэ летам 2023-га, але тады расіянам удалося адбіць атаку марскіх дронаў. На яго борце маглі быць усталяваныя ракеты "Калібр".

Расійскія "ваенкары" сцвярджаюць, што экіпажу ўдалося выратавацца, сярод яго ёсць параненыя.

Папярэдняя аперацыя спецназу ГУР адбылася ў сярэдзіне лютага, калі ў Чорным моры ў выніку атакі марскіх дронаў быў патоплены вялікі расійскі дэсантны карабель "Цэзар Кунікаў". А ў ноч на 1 лютага ўкраінцы знішчылі каля акупаванага Крыма расійскі ракетны катэр "Іванавец".

Расіяне пакуль не знайшлі эфектыўнай абароны ад атак марскіх дронаў. У выніку Чарнаморскі флот нясе цяжкія страты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі