Uzari: Абавязкова спяю на канцэрце “Дзень Волі-2019” — ужо даў згоду
Арганізатары святкавання Дня Волі на стадыёне “Дынама” прапанавалі Uzari паўдзельнічаць у канцэрце і ён даў сваю згоду. Нягледзячы на тое, што ён выдатна разумее — удзел у мерапрыемстве з нагоды 101-й гадавіны ўтварэння БНР можа стаць перашкодай для яго ўдзелу ў розных афіцыйных канцэртах. Пра гэта спявак распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё.
Uzari: “Арганізатары прапанавалі мне ўзяць удзел у канцэрце, і я адразу пагадзіўся. Я блізка да сэрца, з разуменнем успрымаю ўсё, што адбываецца ў музыцы, культуры і мастацтве маёй краіны. Я ведаю, што неабходна рабіць усё, каб развіццё ішло ў правільным кірунку. І таму я вырашыў адразу — я буду спяваць на Дзень Волі. Я разумею, што пасля могуць узнікнуць розныя праблемы… Але я не хачу іншага: я хачу быць беларусам, быць з беларускай мовай — размаўляць і спяваць на ёй. І хачу, каб наша краіна таксама размаўляла на беларускай мове. Калі гэтага не будзе, не будзе нацыі”.
Менавіта артысты і культурныя дзеячы павінны ўсімі магчымымі сродкамі прапагандаваць беларускую мову, беларускасць сярод грамадзян Беларусі, перакананы Uzari. Мы павінны аб’ядноўвацца і працаваць на агульную беларускую ідэю, кажа спявак.
5 лютага спявак Uzari прэзентаваў у эфіры Еўрарадыё сінгл “Падзяка сэрца”. Такім чынам выканаўца анансаваў свой першы беларускамоўны альбом, выхад якога запланаваны на красавік.