Ва Украіне паліцыя выпадкова знайшла 200 ваенных машын
Украінская паліцыя выпадкова знайшла на Жытоміршчыне ваенную тэхніку — БТРы, БМП, БРДМ, "ЗіЛы", "Уралы" ды інш. Тэхніку, падрыхтаваную на продаж, выявілі, калі расследавалі пашкоджанне магістральнага нафтаправоду, гаворыцца на афіцыйным сайце ўкраінскай паліцыі.
Агулам было выяўлена каля 200 ваенных машын, вялікая колькасць запчастак, акумулятарныя батарэі, шыны ды іншае.
Каму належыць тэхніка, пакуль не вядома. Аднак выявілася, што ў інтэрнэце з'явіліся абвесткі пра яе продаж ад імя фізічнай асобы.
Паліцыя наклала арышт на знойдзеную тэхніку да высвятлення акалічнасцяў. Адначасова ідзе праверка, ці знаходзіцца гэтая тэхніка на ўліку ў вайсковых часцях. Начальнік паліцыі Жытоміршчыны Вячаслаў Печаненка паведаміў, што падчас ператрусаў былі выяўленыя дакументы пра паходжанне тэхнікі. Цяпер інфармацыя з іх правяраецца.