Ва ўрадзе заяўляюць, што дапамогуць малазабяспечаным з аплатай жыровак
Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Анатоль Калінін заявіў, што знойдзены спосаб знізіць фінансавую нагрузку праз тарыфы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю праграме “24 гадзіны” тэлеканала СТБ. Па словах Калініна, адпаведны дакумент распрацаваны і ўнесены ў адміністрацыю прэзідэнта.
Сярод іншага, распрацоўваецца ўказ па безнаяўных субсідыях. “Мы яго плануем адшліфаваць і ўнесці. Гэта дазволіць абараняць насельніцтва з нізкім прыбыткам бюджэту сям’і”, — сказаў віцэ-прэм’ер.
Як нагадвае БелаПАН, 2 сакавіка на сустрэчы з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што чакаецца выхад новага ўказа, які будез рэгуляваць аплату жыллёва-камунальных паслугаў.
У студзені субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады выраслі ў Беларусі на 33,3%, на халодную ваду і каналізацыю — у 3,54 разы. Поўны тарыф на ацяпленне і падагрэў вады павысіўся на 83,4%, электраэнергія падаражэла на 29,5%. На фоне падзення заробкаў рэзкае падаражанне камунальных паслугаў выклікала негатыўную рэакцыю ў грамадстве.