Вайна ў Карабаху — усё, у Ерэване пачаліся беспарадкі
Незадаволеныя пагадненнем жыхары Ерэвана ўварваліся ў будынак парламента / Reuters
Прэзідэнт Арменіі Нікола Пашынян у ноч на аўторак паведаміў аб падпісанні Пагаднення аб спыненні ваенных дзеянняў у Нагорным Карабаху.
"Я прыняў вельмі цяжкае рашэнне для сябе і ўсіх нас. Я падпісаў заяву з прэзідэнтамі Расіі і Азербайджана аб спыненні карабахскай вайны з 01:00", — напісаў Пашынян у Фэйсбук.
Ён таксама адзначыў, што тэкст заявы "невыказна балючы" для яго асабіста і для ўсяго армянскага народа. Але, па яго словах, гэта было "найлепшае магчымае рашэнне сітуацыі, якая склалася". "Гэта не перамога", прызнаў Пашынян, але дадаў, што армянскі бок не прызнае сябе і прайграўшым.
У тэксце Пагаднення 9 пунктаў. Яны прадугледжваюць поўнае спыненне агню і ўсіх ваенных дзеянняў у зоне канфлікту, абмен ваеннапалоннымі і ўвод у зону нядаўняга канфлікту расійскіх міратворцаў — спачатку на 5 гадоў, але "з аўтаматычным падаўжэннем на чарговыя 5-гадовыя перыяды, калi нi адзiн з Бакоў не заявiць ... аб намеры спыніць прымяненне дадзенага становішча".
Акрамя таго, азербайджанскі і армянскі бакі застануцца на занятых пазіцыях, растлумачыў пункты Пагаднення прэзідэнт Расіі Ўладзімір Пуцін.
Шэсць самалётаў з расійскімі міратворцамі ўжо вылецелі ў Нагорны Карабах з Ульянаўска, паведаміла інфармагенцтва ТАСС са спасылкай на Мінабароны РФ.
Прэзідэнт Азербайджана Аліеў вітаў дакумент, сказаў, што "вельмі рады", што "сёння ставіцца кропка ў справе ўрэгулявання шматгадовага канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам". Яго выступ транслявалі азербайджанскія тэлеканалы.
У Ерэване пасля таго, як стала вядома аб падпісанні Пагаднення, пачаліся беспарадкі. Незадаволеныя сітуацыяй людзі ўварваліся ў будынкі ўраду і парламента Арменіі. Паліцыя не ўжывала сілу.
Прадстаўнікі апазіцыйнай парламенцкай фракцыі ў Арменіі заявілі, што маюць намер ініцыяваць скліканне парламента для вырашэння пытання аб выхадзе Ерэвана з карабахскіх дамоўленасцей.
"Для адмены дадзенага заявы — а гэта ўсё ж такі проста заява — патрабуецца пазачарговае пасяджэнне парламента. Мы цяпер працуем над гэтым", — сказала журналістам дэпутат Наір Заграбян, яе цытуе ТАСС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.