Венядзіктаў: Мішусцін прыязджаў у Мінск мірыцца

Аляксей Венядзіктаў / РБК
Аляксей Венядзіктаў / РБК

"Мішусцін паехаў мірыцца... І, натуральна, для Расіі будзе важна захаваць тады адносіны з Беларуссю і з яе прэзідэнтам", — так пракаментаваў мінскую сустрэчу расійскага прэм'ера Міхаіла Мішусціна і Аляксандра Лукашэнкі галоўны рэдактар "Эха Москвы" Аляксей Венядзіктаў ў эфіры праграмы "Будзем назіраць".

На думку Венядзіктава, размова тычылася змякчэння "эканамічнага супрацьстаяння", і ў найбліжэйшы час варта чакаць навінаў пра розныя дамоўленасці Расіі і Беларусі.

"Так, ёсць жа яшчэ гісторыя з банкам і з арыштамі рахункаў намесніка міністра фінансаў Расіі і яго жонкі, — працягнуў Венядзіктаў. — І я думаю, што Мішусцін паехаў дамаўляцца. Ён добры перамоўшчык. Лукашэнка разумее, чаго ад яго хочуць у Расіі. І таму, безумоўна, да варажбіткі не хадзі, Расійская Федэрацыя у асобе прэзідэнта Пуціна 10 жніўня прызнае і павіншуе пераабранага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Сёння гэта выглядае так".

Чарговае пацяпленне адносінаў Мінска і Крамля адбываецца на фоне крытыкі Захадам дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да апанентаў. Гэтым разам Еўропа не спусціць Лукашэнку цяперашнія рэпрэсіі, упэўнены Венядзіктаў:

"Таму што лідары ЗША і лідары еўрапейскіх краін абапіраюцца на сваё грамадскае меркаванне, якія бачаць што? Яны бачаць пасадкі незалежных кандыдатаў, менавіта турэмныя зняволенні (як у Лацінскай Амерыцы), яны бачыць арышты актываў, яны бачыць арышты банкаў. І вось гэта прабачыць не змогуць. То бок, дараваць, вядома, эліты могуць усё, як праклятыя капіталісты, як казаў Уладзімір Ільіч Ленін. Але трэба разумець, што гэтая гісторыя яшчэ адгукнецца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі