Венгрыя заблакавала дапамогу ЕС Украіне
Віктар Орбан
Еўрасаюз не змог узгадніць вылучэнне дапамогі Украіне ў памеры 50 млрд еўра да 2027 года. Супраць выступіла "адна краіна", піша Deutsche Welle са спасылкай на словы старшыні Еўрапейскай рады Шарля Мішэля. Гэта краінай аказалася Венгрыя, высветлілі журналісты.
Венгерскі прэм'ер-міністр Віктар Орбан ускосна пацвердзіў гэтыя сцвярджэнні, калі напісаў у сацсетцы X аб "вынiках начной змены". Вынікам стала вета на выдзяленне грошай Кіеву. "Мы вернемся да гэтага пытання ў наступным годзе ў Еўрапейскай радзе пасля адпаведнай падрыхтоўкі", — дадаў Орбан. DW нагадвае, што наступнае паседжанне Еўрарады запланавана толькі на сакавік 2024 года.
Венгрыя ўжо не першы раз выступае супраць дапамогі Украіне. Будапешт таксама неаднаразова выказваўся супраць увядзення санкцый у дачыненні да Расіі. Хаця ў ноч на пятніцу лідэры краін ЕС узгаднілі чарговы 12-ы пакет санкцый, і інфармацыі аб тым, што Орбан выступаў супраць, не было. Што тычыцца дапамогі Украіны, то Орбан патрабуе ў абмен, каб Еўрасаюз разблакаваў сродкаў ЕС, якія належаць Венгрыі. Размова ідзе аб 30 млрд. Іх замарозілі, таму што ў Брэселі засумняваліся ў незалежнасці венгерскай судовай сістэмы. Перад пачаткам гэтага саміту 10 млрд разблакавалі, але ў Венгрыі настойвалі на ўсёй суме.
Нагадаем, ЕС планаваў выдзеліць Кіеву да 2027 года 33 млрд еўра ў выглядзе крэдытаў і яшчэ 17 млрд еўра — у выглядзе грантаў. На мінулым тыдні стала вядома, што і ў ЗША ўзніклі праблемы з выдзяленнем фінансавай дапамогі Украіне — адпаведны законапраект заблакавалі рэспубліканцы. Там гаворка ішла аб 60 млрд долараў. Не дапамог вырашэнню пытання і візіт у ЗША ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.