"Гэта абсалютнае вар'яцтва" – Зяленскі аб перадачы часткі тэрыторыі Расіі
Уладзімір Зяленскі ў Кангрэсе ЗША
Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага сустрэлі ўчора ў Кангрэсе ЗША працяглымі апладысментамі, піша Reuters. Але яму так і не ўдалося пачуць дакладных абяцанняў, што фінансавая дапамога ў патрэбным аб'ёме будзе выдзелена. Рэспубліканцы стаяць на сваім. Нагадаем, на мінулым тыдні яны заблакавалі ў Сенаце выдзяленне дапамогі Украіне ў памеры больш за 60 млрд долараў.
Зяленскі пазней заявіў, што пачуў "вельмі шмат" падчас перамоваў у Вашынгтоне. Ён падзякаваў за падтрымку адміністрацыі Байдэна і заканадаўцам, але заявіў, што толькі час пакажа, наколькі адчувальнай будзе дапамога ў абароне ад расійскай агрэсіі.
"Сігналы былі. Яны былі больш як пазітыўнымі. Але мы ведаем, што ёсць словы і ёсць канкрэтныя вынікі. Мы будзем разлічваць на выдатны вынік", — сказаў Зяленскі. Пры гэтым на пытанне аб магчымым кампрамісе і перадачы часткі ўкраінскіх тэрыторый Расіі Зяленскі адказаў катэгарычным "не".
"Як Украіна можа проста аддаць сваю тэрыторыю? Гэта абсалютнае вар'яцтва", — заявіў ён.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама звярнуўся да рэспубліканцаў, якія блакуюць дапамогу, і папярэдзіў іх, што сваімі дзеяннямі яны могуць паднесці Расіі "калядны падарунак". Але пераканаць рэспубліканцаў яму пакуль не ўдалося.
"Відаць, што адміністрацыя Байдэна просіць мільярды дадатковых долараў без належнага нагляду, без дакладнай стратэгіі для перамогі і без якіх-небудзь адказаў, якія, я думаю, павінны даць амерыканскаму народу", — заявіў пасля сустрэчы з Зяленскім спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан. Сам Байдэн заявіў, што не сыдзе з Украіны, як і амерыканскі народ. "Пуцін робіць стаўку на тое, што Злучаныя Штаты не змогуць аказаць дапамогу Украіне. Мы павінны… даказаць, што ён не мае рацыі", — сказаў ён пазней падчас прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Зяленскім. Байдэн запэўніў украінскага прэзідэнта, што "мы застанемся на вашым баку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.