ЗША і Украіна спрабуюць выпрацаваць новую ваенную стратэгію на 2024 год
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і міністр абароны ЗША Лойд Осцін
ЗША гатовыя больш актыўна кансультаваць Украіну ў ваенных пытаннях. Дэталі новай стратэгіі будуць распрацаваныя ў студзені падчас серыі ваенных гульняў у нямецкім Вісбадэне. Пра гэта піша New York Times са спасылкай на крыніцы.
Паводле звестак выдання, ЗША прапануюць Украіне выбраць стрыманую стратэгію — старацца захаваць наяўныя тэрыторыі і адначасова нарошчваць на працягу года вытворчасці зброі. Мяркуецца, што гэтая стратэгія забяспечыць бяспеку і з часам дазволіць схіліць Расію да змястоўных перамоў. Такія перамовы могуць адбыцца ўжо ў канцы 2024 або пачатку 2025 года.
Украінскія вайскоўцы са свайго боку выступаюць за больш рашучыя дзеянні — за атакі "альбо на зямлі, альбо з дапамогай далёкіх удараў, спадзеючыся забраць увагу ўсяго свету". У якасці мэтаў яны называюць Крым, склады зброі і абаронныя прадпрыемствы, а таксама выступаюць за атакі, якія прыносяць "сімвалічныя перамогі". Ідэю з нападамі на Крым у Пентагоне падтрымалі. Там мяркуюць, што ўдары па паўвостраве паказалі сваю эфектыўнасць восенню гэтага года.
Адначасова амерыканскія чыноўнікі адзначылі, што далейшае фінансаванне з боку ЗША можа быць нестабільнае і што многія ўкраінскія кіраўнікі гэтага не ўсведамляюць. Кіеўскія ўлады, паводле ацэнкі суразмоўцаў выдання, маюць нерэалістычныя чаканні адносна паставак заходняга ўзбраення. "Яны просяць мільёны артылерыйскіх снарадаў, напрыклад, з заходніх запасаў, якіх не існуе", — піша NYT. Нагадаем, у гэтыя дні ў ЗША знаходзіцца прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён мае намер абмеркаваць з амерыканскімі ўладамі далейшую падтрымку краіны ў абароне ад расійскай агрэсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.