Віцебская чыноўніца патлумачыла, чаму ў крамах няма беларускага часнаку
Часнок
Часнок не ўваходзіць у беларускі "баршчавы набор". Так намесніца начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама Марына Старых адказала віцябляніну, які паскардзіўся, што ў крамах горада прадаецца толькі кітайскі часнок.
"Ёсць так званы "баршчавы набор", куды ўваходзяць бульба, капуста, морква, цыбуля, буракі. Гэтая гародніна вырошчваецца ў нас у Беларусі, наяўнасць яе ў гандлёвай сетцы мы ўвесь час адсочваем", — цытуе газета "Віцьбічы" словы чыноўніцы.
Марына Старых кажа, што часнок не ўваходзіць у лік абавязковых прадуктаў стабілізацыйнага фонду. Усе прэтэнзіі яна пераадрасоўвае не прадаўцам, а вытворцам: "Не гандлёвыя сеткі не хочуць закупляць часнок — яго трэба ўмець вырасціць у нашых умовах". І чыноўніца адсылае гараджаніна на рынак, дзе беларускі часнок можна купіць у гаспадароў прыватных падворкаў.
Продаж кітайскага часнаку ў крамах яна тлумачыць тым, што гэтая краіна з'яўляецца актыўным пастаўшчыком прадукту на беларускі рынак.
Раней у Мінсельгасхарчы казалі, што сабекошт беларускага часнаку атрымліваецца ў разы вышэйшым, чым у кітайскага.
Цяпер у беларускіх крамах кітайскі часнок прадаецца па цане 13-18 рублёў за кілаграм.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.